4 кастрычніка, ва ўспамін святога Францішка Асізскага, у Міждыяцэзіяльнай вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне прайшоў дзень засяроджання, які для будучых святароў правёў пробашч парафіі ў Граўжышках ксёндз Павел Раманоўскі.
Як адзначаецца на Grodnensis.by, святар прапанаваў семінарыстам некалькі тэм для разважання, асноўнай з якіх было пытанне, як у цяперашні час захаваць чыстасць і паклапаціцца аб добрым фундаменце святарскага жыцця. Ксёндз Павел таксама закрануў тэму музыкі, растлумачыўшы, што ёсць музыка, якая будуе, а ёсць і такая, што руйнуе.
Праграма дня засяроджання была традыцыйнай: святая Імша, супольная Літургія гадзінаў, адарацыя Найсвяцейшага Сакрамэнту і Ружанец.
Падводзячы вынікі духоўных практыкаванняў, ксёндз Павел звярнуў увагу на тое, што цнатлівае жыццё і барацьба са спакусамі дапамогуць пакліканым да святарства годна і з карысцю для многіх душ несці служэнне ў Касцёле.