Пошук

05.10.2021 11:00   Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі

2 кастрычніка ў Гродне адбылася ўрачыстая цырымонія распачацця 2021–2022 навучальнага года ў Тэалагічным каледжы імя святога Казіміра.

Як паведамляе Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі, з гэтай нагоды ў капліцы Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне сабраліся адміністрацыя, выкладчыкі і навучэнцы каледжа, сярод галоўных мэт якога — умацаванне веры, паглыбленне рэлігійных ведаў і падрыхтоўка спецыялістаў для рэлігійнай дзейнасці.

Цэлебрацыю інаўгурацыйнай святой Імшы ўзначаліў прызначаны арцыбіскуп Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі Юзаф Станеўскі, які маліўся разам з біскупам Гродзенскім Аляксандрам Кашкевічам.

Іерархi цэлебравалі Эўхарыстыю ў інтэнцыі ўсяго калектыву гэтай касцёльнай навучальнай установы, асаблівым чынам молячыся за тых, хто сёлета распачынае ў ёй вучобу.

У прамоўленай гаміліі біскуп Кашкевіч нагадаў пра літургічны ўспамін святых Анёлаў Ахоўнікаў, які прыпадаў на гэты дзень. Іерарх падкрэсліў, што Пан Бог, даючы нам нябесных спадарожнікаў на жыццёвым шляху, хоча сказаць, як моцна нас любіць і як Яму важна наша збаўленне.

«Ушанаванне Анёлаў Ахоўнікаў — гэта сапраўды выраз нашай удзячнасці Пану Богу за Яго прысутнасць у нашым жыцці, за клопат пра нас, за пастаяннае аказанне нам дапамогі ў зямным жыцці і ў дасягненні вечнага збаўлення», — дадаў біскуп.

Звяртаючыся да навучэнцаў каледжа, пастыр Касцёла на Гродзеншчыне адзначыў, што Бог дае ім час, і ад кожнага з іх у вялікай меры будзе залежаць, як гэты час будзе выкарыстаны, якую карысць яны атрымаюць з гэтага каштоўнага дару.

Іерарх заўважыў, што ў каледжы «мы пазнаём Пана Бога, каб яшчэ мацней верыць у Яго, каб яшчэ больш Яго любіць, каб з яшчэ большай вернасцю і руплівасцю Яму служыць <…>

Хочам Яго пазнаваць таксама з той мэтай, каб даваць аб Ім яшчэ больш пераканаўчае і захапляльнае сведчанне ў нашым асяроддзі», — падкрэсліў біскуп Кашкевіч.

На пачатку новага навучальнага года пастыр пажадаў навучэнцам каледжа, каб усе іх намаганні, звязаныя з набыццём ведаў, прынеслі чаканыя плады.

Намеснік дырэктара каледжа па навучальнай частцы кс. Андрэй Шчупал CSsR падзякаваў іерархам за прысутнасць у гэты важны дзень. Асаблівую падзяку ён выказаў арцыбіскупу Юзафу Станеўскаму, а таксама, віншуючы яго з новым прызначэннем і даручэннем яму новых задач у Касцёле, пажадаў святла Духа Святога ў кіраванні Касцёлам Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі.

Пасля Імшы першакурснікам былі ўручаны заліковыя кніжкі.

Потым навучэнцы, якія стварылі хор пад кіраўніцтвам выкладчыцы музыкі Вольгі Маркевіч, выканалі студэнцкі гімн Gaudeamus igitur.

 

Абноўлена 05.10.2021 11:02
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа