У кастрычніку — месяцы, які ў Каталіцкім Касцёле асаблівым чынам прысвечаны ружанцовай малітве, — беларускія дзеці зноў далучацца да сусветнай ініцыятывы «Мільён дзяцей моліцца Ружанец», арганізаванай Папскім фондам «Дапамога Касцёлу ў патрэбе».
Яе мэта — папулярызаваць ружанцовую малітву сярод дзяцей і іх бацькоў, аб’яднаць свет перад абліччам праблем і крызісаў, якія ён сёння перажывае. У мінулым годзе акцыя сабрала рэкордную колькасць удзельнікаў: больш за паўмільёна дзяцей са 136-і краін свету — у тым ліку з Беларусі. Сёлета Беларусь таксама далучыцца да гэтай важнай сусветнай ініцыятывы.
Малітоўная акцыя «Мільён дзяцей моліцца Ружанец» у Беларусі распачнецца 18 кастрычніка ў 18.00.
Арганізатары заахвочваюць ва ўсіх парафіях на тэрыторыі Беларусі:
- перад сустрэчай арганізаваць майстэрні і правесці майстар-класы па стварэнні ружанцаў. Гэтыя ружанцы можна будзе падарыць дзецям пасля сустрэчы 18 кастрычніка;
- арганізаваць групы дзяцей і бацькоў, якія будуць удзельнічаць у сустрэчы у цэнтрах дыяцэзій;
- 18 кастрычніка ў 18.00 запрасіць вернікаў у касцёл, каб падключыцца да трансляцыі мерапрыемства і такім чынам далучыцца да супольнай, усебеларускай ружанцовай малітвы аб міры і згодзе;
- арганізаваць прагляд трансляцыі — паклапаціцца пра патрэбнае аўдыя- і відэаабсталяванне (камп’ютар, праектар, калонкі і г.д.);
- пажадана арганізаваць пачастунак і цёплую гарбату для прысутных;
- заахвоціць усіх дзетак і бацькоў узяць з сабой свечкі ці ліхтарыкі.
Арганізацыйнай групай падрыхтаваныя дадатковыя друкаваныя матэрыялы: плакаты, улёткі і марыйны ружанцовы стыкерпак для прысутных на сустрэчы 18 кастрычніка дзетак — усе яны будуць дасланыя ў парафіі. Яны таксама пададзены для спампоўвання ніжэй.
Больш падрабязная інфармацыя пра ініцыятыву і ход малітоўнай сустрэчы ў Беларусі змешчана ніжэй.
Ход сустрэчы
Адказныя асобы арганізуаюць групы дзяцей і бацькоў у касцёлах у цэнтрах дыяцэзій (Гродна, Віцебск, Магілёў, Пінск, Мінск). Гэтыя групы яднаюцца анлайн і прымаюць непасрэдны ўдзел у малітве. Таксама будзе ісці агульная анлайн-трансляцыя мерапрыемства.
Сустрэча мадэруецца з Мінска, з пляцоўкі каля Хрысціянскага сацыяльнага цэнтра.
План мерапрыемства (хранаметраж)
- 18.00 — спеў на ўступ (гурт «Міхаэлькі» і Ядзвіга Багдановіч)
- 18.03 — уступнае слова вядучага (кс. Аляксандр Шамрыцкі МІС)
- 18.05 — кароткія прывітанні груп з кожнай дыяцэзіі (горад — 1 хвіліна)
- 18.10 — прывітальнае слова біскупа ў Мінску (3 хвіліны)
- 18.13 — пачатак ружанцовай малітвы (Мінск)
- 18.16 — кароткае разважанне (1 хвіліна, Мінск)
- 18.17 — Першая таямніца (спяваная, Гродна)
- 18.23 — кароткае разважанне (1 хвіліна, Мінск)
- 18.24 — Другая таямніца (прамаўляецца, Віцебск)
- 18.28 — кароткае разважанне (1 хвіліна, Мінск)
- 18.29 — Трэцяя таямніца (прамаўляецца, Магілёў)
- 18.33 — кароткае разважанне (1 хвіліна, Мінск)
- 18.34 — Чацвёртая таямніца (прамаўляецца, Пінск)
- 18.38 — кароткае разважанне (1 хв., Мінск)
- 18.39 — Пятая таямніца (спяваная, Мінск)
- 18.45 — малітва да святога Юзафа
- 18.46 — заключны спеў (Мая Беларусь)
- 18.49 — заключнае слова вядучага (2 хвіліны)
- 18.51 — заключнае слова біскупа ў Мінску і бласлаўленне (3 хвіліны)
- 18.55 — заканчэнне агульнабеларускай сустрэчы і анлайн-трансляцыі.
- Працяг лакальнай сустрэчы ў Мінску. Спявае гурт «Міхаэлькі» (5–10 спеваў), пачастунак, гарбата.
Пра ініцыятыву
Мільён дзяцей моліцца Ружанец — сусветная ініцыятыва, арганізаваная Папскім фондам «Дапамога Касцёлу ў патрэбе».
«Не толькі ўсё яшчэ актуальны крызіс аховы здароўя зрабіў наш свет падобным да па-чалавечы невырашальнага клубка праблем. Голад, беднасць, карупцыя, войны і тэрор, вульгарызацыя чалавечага існавання і знішчэнне стварэння закранаюць жыцці незлічонай колькасці людзей. За гэтым усім крыецца паўсюдная сіла зла, якое імкнецца знішчыць боскі сусветны парадак і законы Бога.
Таму нам як ніколі патрэбная даверлівая малітва чыстых, нявінных сэрцаў, дзяцей Марыі, адкрытых на Божую дапамогу і збаўленне для ўсяго свету», — адзначаюць кіраўнікі Фонда.
Галоўная мэта гэтай малітоўнай кампаніі — паказаць, што даверлівая малітва дзяцей можа, як страла, ляцець проста да сэрца Бога і такім чынам змяняць свет. Таму ўявіце, якой моцнай будзе ружанцовая малітва, у якой дзеці будуць разам прасіць аб супакоі і згодзе ў іх сем’ях, народзе і ва ўсім свеце!
Як усё пачалося
Упершыню малітоўнае чуванне дзяцей прайшло ў 2005 годзе ў сталіцы Венесуэлы Каракасе. Падчас ружанцовай малітвы групы дзяцей у прыдарожнай каплічцы некалькі жанчын, якія былі разам з імі, адчулі глыбокую прысутнасць Панны Марыі. Адразу ж прыгадалася абяцанне святога айца Піо з П’етрэльчыны:
«Калі мільён дзяцей разам памоляцца Ружанец, свет зменіцца». І ў гэтым сутнасць кампаніі — верыць у моц дзіцячай малітвы. Сам Езус вучыць нас: «Калі не станеце як дзеці, не ўвойдзеце ў Валадарства Нябеснае» (Мц 18, 3).
З таго моманту да ініцыятывы далучыліся сотні тысяч дзяцей. З усяго свету плывуць шматлікія сведчанні, якія кажуць не толькі пра радасць дзяцей, што глыбока ўзрушыла сэрцы прысутных разам з імі дарослых, але і пра дарослых, якія самі адчулі дзеянне Божай ласкі і зрабілі Ружанец неадменнай часткай іх уласнага малітоўнага жыцця.
Чаму 18 кастрычніка
Традыцыйна кастрычнік з’яўляецца месяцам Ружанца.
Акрамя гэтага, 18 кастрычніка — свята святога Лукі Евангеліста, які распавёў нам гісторыю дзяцінства Езуса і, паводле традыцыі, лічыцца асобай, блізкай Маці Божай.
Значэнне Ружанца
Як пісаў Папа Ян Павел ІІ у Апостальскім лісце Rosarium Virginis Mariæ, «адкрыццё Ружанца азначае паглыбленне ў сузіранне таямніцы Таго, хто «ёсць нашым спакоем», бо «абедзве часткі чалавецтва ўчыніў адзінствам, разбурыўшы мур, што стаіць пасярэдзіне, знішчыўшы варожасць» (Эф 2, 14). <…>
Ружанец, кіруючы наш позірк на Хрыста, робіць нас таксама будаўнікамі міру ў свеце. Маючы характар пастаяннага, супольнага малення, згодна з Хрыстовым наказам, каб «маліцца заўсёды і не апускаць рук» (Лк 18, 1), Ружанец дазваляе мець надзею, што таксама сёння можна перамагчы ў такой цяжкай барацьбе, якая вядзецца за мір».
- мільён дзяцей моліцца Ружанец – 2021 (Інфармацыя)
- малітва да св. Юзафа з плакатам
- постэр
- ліст да дзяцей
- флаер