Пошук

08.09.2021 17:28   Тэкст і фота: Уладзіслаў Зарэцкі ASC / sdb.by

5 верасня ў салезіянскай парафіі Марыі Успамогі Хрысціянаў у Бараўлянах адзначылі 45-ю гадавіну манаскага жыцця і 35-годдзе святарства пробашча тутэйшай парафіі ксяндза Казіміра Шыдэлкі SDB, а таксама 25-ю гадавіну манаскага жыцця і 15-годддзе святарства рэгіянальнага настаяцеля салезіянскага таварыства на Беларусі ксяндза Віктара Гайдукевіча SDB.

Як паведамляецца на сайце салезіянаў ксяндза Боско ў Беларусі sdb.by, у святкаванні ўзялі ўдзел ганаровыя госці: біскуп Аляксандр Яшэўскі SDB і арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, які ўзначаліў цэлебрацыю ўрачыстай святой Імшы.

У прамоўленай гаміліі арцыпастыр разважаў над Евангеллем, у якім Езус аздараўляе глуханямога. Іерарх адзначыў, што акрамя фізічнай глухаты ёсць глухата духоўная. Шмат людзей не бачаць цудаў, якія адбываюцца на іхніх вачах, шмат людзей не чуюць Божага слова.

«Езус сказаў Апосталам: „Ідзіце і абвяшчайце Евангелле ўсяму свету“. Гэтыя словы адносяцца не толькі да Папы, не толькі да біскупаў, не толькі да святароў, не толькі да кансэкраваных асоб. Яны адносяцца да кожнага хрысціяніна: кожны хрысціянін павінен быць апосталам свайго часу», — падкрэсліў арцыбіскуп, адзначыўшы пры гэтым асаблівую місію святароў у справе абвяшчэння Евангелля.

«Мы сёння глядзім на юбіляраў, яны падобныя на кожнага з нас. <…> Але ў той жа час яны дзейнічаюць не сваёй моцай, але моцай Езуса Хрыста», — зазначыў іерарх. Ён дадаў, што менавіта святар пакліканы адкрываць вочы сляпым і дапамагаць пачуць глухім. Арцыбіскуп параўнаў ксяндза Віктара і ксяндза Казіміра з апосталамі Пятром і Паўлам, якія былі вельмі рознымі, але пры гэтым ішлі да адной мэты.

«Дарагія святары, дарагія законнікі, ідзіце да людзей, да якіх пасылае вас Бог. Ідзіце асабліва да моладзі, якая заблукала ў гэтым лесе сучасных праблем. Ідзіце да тых, хто патрабуе вашай дапамогі, дапамажыце ім убачыць Божыя знакі, якіх так шмат у нашым жыцці; дапамажыце ім адкрыць вушы, каб яны чулі Божае слова, каб гэтае Божае слова заставалася ў іх сэрцах. Дапамажыце ім сведчаннем жыцця і малітваю абвяшчаць вечна жывое і вечна дзейснае Божае слова, і няхай Божая Маці ахінае вас сваёй апекаю», — пажадаў на заканчэнне гаміліі арцыбіскуп Кандрусевіч.

Пасля Імшы юбіляраў павіншаваў іх сабрат біскуп Аляксандр Яшэўскі SDB. У сваім слове ён адзначыў, што вельмі прыгожым знакам з’яўляецца тое, што сабраты святкуюць свае юбілеі разам, падкрэсліваючы гэтым еднасць у супольнасці.

«Я перакананы, што будучыня як паўсюднага, так і лакальнага Касцёла, будучыня кожнай манаскай супольнасці залежыць менавіта ад нас, духоўных асоб, ад нашай святасці, мудрасці і руплівасці. Ксёндз Казімір, ксёндз Віктар, шаноўныя нашы юбіляры, жадаю вам сапраўды ўзрастаць і быць мудрымі, святымі і руплівымі. Няхай менавіта ў мудрасці, святасці і руплівасці вы будзеце радаваць нас сваім служэннем яшчэ многія і многія гады. Жадаю ўсяго найлепшага і выказваю вам падзяку за жыццё як святарскае, так і манаскае», — сказаў біскуп Яшэўскі.

Павіншавалі святароў таксама іншыя сабраты салезіяне, сёстры з кангрэгацыі дачок Марыі Успамогі Хрысціянаў, парафіяне з Бараўлянаў і Раўбічаў, дзеці і моладзь.

Пасля завяршэння ўрачыстай часткі праграмы ў касцёле прысутныя перайші ў араторый, дзе аніматары і салезіяне супрацоўнікі пад кіраўніцтвам дыякана Марка Найдзіча SDB і сястры Дар’і Еўтухоўскай FMA зладзілі для юбіляраў імпрэзу, якая стала адначасова святам адкрыцця араторыя ў новым навучальным годзе.

У гэты дзень таксама адбылося адкрыццё і асвячэнне новага моладзевага пакоя імя святога Яна Боско, над стварэннем якога падчас летніх вакацый працавалі ксёндз Віктар і ксёндз Казімір.

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця