21 жніўня ў касцёле Перамянення Пана ў Навагрудку сястра Імэльда Пятрова ад Любові Укрыжаванай з Кангрэгацыі Сясцёр Найсвяцейшай Сям’і з Назарэта (назарэтанкі) прынесла вечныя манаскія абяцанні.
Як паведамляе Grodnensis.by, ва ўрачыстай падзеі бралі ўдзел назарэтанкі, якія служаць у Беларусі, найбліжэйшыя родныя сястры Імэльды, яе сябры, знаёмыя і жыхары Навагрудка.
Цэлебрацыю святой Імшы ўзначаліў біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч. Падчас Эўхарыстыі іерарх маліўся аб дапамозе Духа Святога ва ўмацаванні сястры ў вернасці прынесеным абяцанням.
Гамілію падчас Эўхарыстыі прамовіў айцец Анджэй Ядкоўскі CSsR, пробашч гродзенскай парафіі Найсвяцейшага Адкупіцеля, дзе служыць маладая законніца.
Як знешні знак вечнага пасвячэння сястра Імэльда атрымала пярсцёнак са словамі на лаціне «Мой Каханы мой, а я Ягоная», якія нагадваюць пра запавет, заключаны з Богам.
Біскуп Кашкевіч на заканчэнне літургіі пажадаў законніцы заўсёды старацца імкнуцца да святасці і заставацца вернай Таму, хто паклікаў яе да служэння ў назарэтанскай сям’і. Пастыр Касцёла на Гродзеншчыне заахвоціў вернікаў працягваць маліцца аб новых пакліканнях да святарства і манаскага жыцця.
Сястра Імэльда паходзіць з парафіі святога Міхала Арханёла ў Смаргоні.