Пошук

21.08.2021 03:44   Тэкст: Мікола Гракаў / Фота: Віталій Палінеўскі / Catholic.by

Апоўначы 21 жніўня ў браслаўскім санктуарыі перад цудадзейным абразом Маці Божай Валадаркі Азёраў адбылася святая Імша з удзелам пяцёх біскупаў і больш як дзясятка святароў.

Цэлебрацыю, якая распачалася адразу пасля працэсіі са свечкамі па вуліцах начнога Браслава, узначаліў самы малады іерарх беларускага каталіцкага епіскапату Біскупскі вікарый для горада Магілёва і Магілёўскай вобласці біскуп Аляксандр Яшэўскі SDB.

Разам з ім перад цудатворнай іконай маліўся найстарэйшы беларускі біскуп Казімір Велікаселец, Апостальскі адміністратар sede vacante Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі, арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, Генеральны вікарый Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскуп Юрый Касабуцкі і гаспадар урачыстасці браслаўчанін Алег Буткевіч, біскуп Віцебскі.

Вітаючы сабраных на Імшы, пастыр мясцовага Касцёла назваў усіх удзельнікаў урачыстасці пілігрымамі, паколькі кожны пераадолеў пэўны шлях — большы ці меншы, — каб прыйсці ў гэтую ноч да Марыі. У адказ на запрашэнне Віцебскага біскупа ўзначаліць цэлебрацыю, высокі госць з Магілёва выказаў сваю радасць ад магчымасці браць удзел у гэтай незвычайнай сустрэчы дзяцей са сваёй Маці. Гэтая думка стала цэнтральнай таксама ў прамоўленым біскупам Яшэўскім Божым слове.

«Марыя — наша Маці! Калі Яна стала гэтай Маці? Тады, калі Яна нарадзіла Божага Сына і ў Ім усю хрысціянскую сям’ю, таму што Езус — наша Галава, і мы Яго члены. Гэтае мацярынства было пацверджана на Кальварыі, дзе Марыя зноў нарадзіла нас, удзельнічаючы ў муках Адкупіцеля.

Маці Божая спаўняе гэтае мацярынства адносна ўсіх нас з такой далікатнасцю і клапатлівасцю, што ніводная, нават найлепшая, зямная маці не зраўнаецца з Ёю», — падкрэсліў Біскупскі вікарый Магілёўшчыны. Ён дадаў, што Марыя духоўна корміць, апранае, навучае і суцяшае сваіх шматлікіх дзяцей, а таксама абараняе іх ад варожых куль.

«Паколькі Яе дзеці павінны ўвесь час змагацца, Яна дае ім сваё Імя як стралу, ружанец як меч, а шкаплер як шчыт. Узброіўшы іх так, Яна выпраўляе іх на змаганне і сама спяшаецца дапамагчы ім. <…>

Маці Марыя, такім чынам, даглядае сваіх дзяцей ад калыскі да магілы і прыкладае ўсе намаганні, каб адкрыць ім неба. Таму, дарагія браты і сёстры, давайце аддадзім сябе гэтай Маці з дзіцячым даверам, таму што Яна асабліва клапоціцца пра тых, хто цалкам аддаецца Яе абароне», — заклікаў удзельнікаў урачыстасці біскуп Аляксандр Яшэўскі, заахвоціўшы ўшаноўваць Марыю, носячы Яе шкаплер і молячыся на ружанцы.

Нарэшце, іерарх звярнуўся да ўсіх са словамі пастырскага напаміну:

«Давайце будзем вернымі ў служэнні нашай нябеснай Маці! Перш за ўсё давайце пастараемся, каб нашае служэнне было ўнутраным, якое не абмяжоўваецца толькі знешнімі формамі пабожнасці; сумленным, гэта значыць спалучаным з чыстым і праведным жыццём; гарачым і трывалым, гэта значыць такім, якое трывае ўсё жыццё, таму што толькі такое служэнне будзе радаваць Марыю, а для нас будзе карысным у жыцці зямным і нябесным, дзе нас чакае Міласэрная Маці».

На заканчэнне цэлебрацыі Біскупскі вікарый запрасіў на святкаванне ўрачыстасці Маці Божай Бялыніцкай, якое адбудзецца ў Магілёўскім рэгіёне 17–18 верасня і будзе прысвечана 260-й гадавіне каранацыі гэтай страчанай святыні папскімі каронамі, а таксама 30-годдзю адраджэння іерархічных структур Каталіцкага Касцёла ў Беларусі.

З гэтай нагоды 17 верасня ў Бялынічах пройдзе касцёльны сімпозіум, а на наступны дзень урачыстую цэлебрацыю ў гэтым сціплым райцэнтры на Магілёўшчыне ўзначаліць прадстаўнік Папы Францішка ў Беларусі Апостальскі нунцый Антэ Ёзіч.

Абноўлена 21.08.2021 03:45
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.