Пошук

20.08.2021 22:56   Тэкст: Мікола Гракаў / Фота: Віталій Палінеўскі / Catholic.by

Ружанцовай малітвай і святой Імшой з сакрамэнтам канфірмацыі распачаліся ўвечары 20 жніўня традыцыйныя ўрачыстасці ў гонар Маці Божай Валадаркі Азёраў у Браславе.

Сабраныя перад цудадзейным абразом вернікі і нешматлікія пілігрымы, перабіраючы пацеркі ружанцаў, віталі Нябесную Матулю ў Яе цудадзейнай браслаўскай іконе словамі Анёльскага прывітання «Вітай, Марыя…»

Ужо другі год у сувязі са складанай эпідэмічнай сітуацыяй ва ўсёй Беларусі не праводзяцца вялікія арганізаваныя пілігрымкі, але ў Браслаў прыйшлі пешкі некалькі груп, а таксама прыбылі пілігрымы на роварах.

Так, адна з груп пешых пілігрымаў тры дні ішла да Валадаркі Азёраў з Глыбокага.

Пасля Ружанца ў санктуарыі адбылася святая Імша, цэлебрацыю якой узначаліў Генеральны вікарый Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскуп Юрый Касабуцкі.

Падчас Эўхарыстыі больш за 70 вернікаў з розных парафій Віцебскай дыяцэзіі, пераважна моладзь, прынялі сакрамэнт канфірмацыі.

Перад пачаткам цэлебрацыі гаспадар фэсту Старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі біскуп Віцебскі Алег Буткевіч шчыра прывітаў у сваім родным горадзе ўсіх шанавальнікаў Маці Божай Браслаўскай. Перадусім сардэчныя словы прывітання ён скіраваў сваім братам у пастырскім служэнні: Апостальскаму адміністратару sede vacante Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскупу Казіміру Велікасельцу і біскупу Юрыю Касабуцкаму.

Звярнуўшыся асобна да кандыдатаў да канфірмацыі, іерарх падкрэсліў, што ў сучасным свеце, а асабліва сёння ў Беларусі, надзвычай вялікую ролю мае адважнае сведчанне сапраўднага хрысцяінскага жыцця ў Божай праўдзе.

У прамоўленай гаміліі біскуп Касабуцкі засяродзіўся на тым, якую вялікую перамяняльную моц мае Дух Святы, які адорвае вернікаў адвагай быць сведкамі Божай любові для іншых людзей. Іерарх падаў прыклад апосталаў, якія, спачатку схаваныя за зачыненымі дзвярыма ад страху, прыняўшы дар Духа Святога, адважна абвяшчалі Евангелле ажно да краёў зямлі, нават коштам уласнага жыцця.

«Быць дасканалым хрысціянінам — значыць быць сведкам Хрыста ў сучасным свеце. <…> Вера толькі тады будзе жывою, калі яна падмацоўваецца ўчынкамі чалавека. Адным з такіх учынкаў, які ўмацоўвае веру, з’яўляецца малітва», — зазначыў біскуп. Ён дадаў, што малітва — гэта не толькі размова з Богам.

«Малітва — гэта ключ, якім мы адчыняем нашае сэрца, каб у яго ўваходзіў Дух Святы і пачынаў дзейнічаць у нашым жыцці», — падкрэсліў іерарх, заўважыўшы, што менавіта малітва дае вернікам сілу быць сведкамі Хрыста ў сучасным свеце і ўмацоўвае ў любові да Бога і да бліжніх. На заканчэнне гаміліі біскуп Касабуцкі адзначыў, што любоў непарыўна звязана з верным выкананнем Божых запаведзяў, і пажадаў кандыдатам да канфірмацыі моцы Духа Святога для набыцця хрысцяінскіх цнотаў і жыцця імі.

На заканчэнне Эўхарыстыя новаканфірмаваныя падзякавалі біскупам за ўдзелены дар Духа Святога, а таксама святарам і кансэкраваным асобам за падрыхтоўку да прыняцця сакрамэнту хрысціянскай сталасці.

Абноўлена 21.08.2021 03:46
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.