Пошук

17.08.2021 11:38   Тэкст і фота: Рыта Ляховіч / Catholic.by

15 жніўня, у адпустовую для старадаўняй магілёўскай катэдры Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі і святога Станіслава ўрачыстасць, цэлебрацыю галоўнай святой Імшы тут узначаліў Старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі біскуп Віцебскі Алег Буткевіч.

Унебаўзяцце Найсвяцейшай Панны Марыі — адно з найбольш важных святаў, паколькі з’яўляецца выразам каталіцкай веры ў тое, што Марыя пасля заканчэння Яе зямнога жыцця з душою і целам была ўзятая на неба.

Для парафіянаў магiлёўскай катэдры яно асаблівае яшчэ і таму, што іх святыня мае тытул Унебаўзяцця, і ў гэты дзень тут можна атрымаць поўны адпуст.

Традыцыйна на гэтае свята вернікі таксама дзякуюць Богу за ўраджай, прыносячы ў касцёл для благаслаўлення каласы збожжа, садавіну, гародніну, кветкі і зёлкі.

У сёлетняй парафіяльнай урачыстасці разам з магілёўцамі маліўся кіраўнік беларускага каталіцкага епіскапату біскуп Алег Буткевіч. Ва ўрачыстай цэлебрацыі, якая сабрала ў галоўнай святыні абласнога цэнтра шматлікіх вернікаў, кансэкраваных асоб і святароў з розных куткоў Магілёўшчыны, браў удзел таксама Біскупскі вікарый для горада Магілёва і Магілёўскай вобласці біскуп Аляксандр Яшэўскі SDB.

Біскуп Буткевіч павіншаваў удзельнікаў урачыстасці са святам, падкрэсліўшы яго важнасць для ўсіх вернікаў.

«Свята Унебаўзяцця Панны Марыі — гэта зварот да ўсіх нас, асабліва да тых, хто ахоплены сумневам, хто жыве з позіркам, скіраваным уніз, і не можа ўзняць вочы. Таму, хто не глядзіць з поўным даверам угору, страшна глядзець навокал, і такі чалавек пачынае тануць, як Пётр у хвіліну сумневу», — адзначыў у прамоўленай гаміліі высокі госць з Віцебска. Пастыр нагадаў, што для таго, каб каб жыццё на зямлі было па-сапраўднаму шчаслівым, на першае месца ў ім трэба паставіць Бога.

 

«На жаль тры пакаленні атэізму „ўбілі“ людзям у галаву, что Бог не з’яўляеца аўтарытэтам. У многіх з нас у думках шмат нічога не вартых на самай справе рэчаў: стэрэатыпы, крыўды, матэрыяльныя даброты…

Але мы ўсе — толькі пілігрымы, якія крочаць да дому, што знаходзіцца на вышынях.

У жыцці важна імкнуцца да вялікіх мэтаў, інакш можна згубіцца сярод мноства дробязяў. У кожным з нас Пан Бог здзяйсняе вялікія справы. Іх трэба распазнаць і ўзрадавацца, а галоўнае, не забывацца ўзвялічваць Бога за Яго велічныя дары. Прыкладам для нас заўседы з’яўляеца Панна Марыя, якая моліцца, кажучы: „Велічае душа мая Пана, і ўзрадаваўся дух мой у Богу, маім Збаўцы“», — падкрэсліў біскуп Алег Буткевіч.

На заканчэнне супольнай малітвы Сатршыня канферэнцыі біскупаў удзяліў усім прысутным благаслаўленне, і святкаванне працягнулася пачастункам і анімацыйнай праграмай.

 

Абноўлена 17.08.2021 11:42
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця