Пошук

12.07.2021 12:50   Паводле: Кс. Юрый Марціновіч / Фота: Вольга Сяліцкая / Grodnensis.by

У межах адпустовых урачыстасцяў у санктуарыі Гродзенскай дыяцэзіі Маці Божай Каралевы нашых сем’яў у Тракелях, што праходзілі 10–11 ліпеня, апоўначы адбылася святая Імша, цэлебрацыю якой узначаліў старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі біскуп Віцебскі Алег Буткевіч.

Як паведаміў Grodnensis.by, літургія традыцыйна распачалася працэсіяй са свечкамі па Тракелях, падчас якой вернікі разважалі над хвалебнымі таямніцамі Ружанца.

На Імшы сабралося шмат вернікаў, якія прыбылі пакланіцца Маці Божай і ўзнесці да Бога праз Яе заступніцтва свае просьбы.

У цэлебрацыі ўзялі ўдзел біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч, Апостальскі адміністратар sede vacante Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскуп Казімір Велікаселец, Генеральны вікарый Гродзенскай дыяцэзіі біскуп Юзаф Станеўскі, яго калега з Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскуп Юрый Касабуцкі, а таксама біскупскі вікарый для горада Магілёва і Магілёўскай вобласці біскуп Аляксандр Яшэўскі SDB.

Вітаючы сабраных, біскуп Аляксандр Кашкевіч падкрэсліў, што падчас сёлетніх адпустовых урачыстасцяў прысутныя ў гэтым асаблівым для дыяцэзіі месцы дзякуюць Богу за 30 гадоў адраджэння іерархічных структур мясцовага Касцёла.

Пастыр Касцёла на Гродзеншчыне выказаў перакананне, што святы Ян Павел ІІ, які сваёй булай у 1991 годзе стварыў Гродзенскую дыяцэзію і адрадзіў структуры Каталіцкага Касцёла ў нашай краіне, глядзіць з вышыняў у гэты дзень і цешыцца гэтаму святкаванню.

Звяртаючыся да шматлікіх пілігрымаў, якія трымалі ў руках запаленыя свечкі, біскуп назваў іх жывым Касцёлам.

«Вы — той прыгожы Касцёл нашай маляўнічай Гродзеншчыны, бо вы гэты Касцёл кожны дзень ствараеце і ажыўляеце», — дадаў іерарх.

Біскуп Кашкевіч падкрэсліў, што ў гэтую хвіліну варта ўзгадаць у малітве многіх простых людзей, якія мелі прыгожую і глыбокую веру, стваралі гісторыю дыяцэзіі, а таксама тых, хто адышоў са знакам веры, пакінуўшы пасля сябе трывалы след.

«У нашым дыяцэзіяльным „санаторыі“, дзе струменіць крыніца супакою, цішыні, даверу і надзеі, мы хочам дзякаваць Марыі за ўсіх тых, якія здзяйсняюць штодзённую працу абвяшчэння Божага слова, даючы сваім жыццём цудоўны прыклад прысвячэння і служэння», — сказаў іерарх.

Біскуп заахвоціў удзельнікаў урачыстасцяў, каб яны, углядаючыся ў мацярынскі позірк Марыі ў Тракельскім абразе, поўны надзеі, даверу Богу, клопату аб кожным чалавеку, супольна прасілі аб жывой і непахіснай веры для ўсіх сем’яў нашай краіны.

Гамілію падчас Імшы прамовіў біскуп Казімір Велікаселец, які, як звычайна, казаў пра галоўныя праўды хрысціянскай веры, падкрэсліўшы, што найбольш важна стаць перад Панам з чыстай душой, бо такім хоча бачыць кожнага чалавека наш Створца.

Звяртаючыся да сужэнстваў і бацькоў, іерарх заклікаў іх імкнуцца перадаць сваім дзецям тое, што павінна быць самым каштоўным у жыцці кожнага: Бога, веру, хрысціянскія каштоўнасці.

Звяртаючыся да маладых людзей, Апостальскі адміністратар Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі прасіў іх заўсёды імкнуцца ставіць Бога на першае месца, ніколі не губляць з Ім кантакту. Як падкрэсліў іерарх, калі малады чалавек пачынае пагоню толькі за дабротамі гэтага свету, пакідаючы Бога ўбаку, ён можа трапіць у небяспечную пастку.

Удзельнікі літургіі асаблівым чынам маліліся за ўсе сем’і, каб у кожным доме валадарыў Езус Хрыстус, a хрысціянскія каштоўнасці перадаваліся наступным пакаленням.

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа