12 чэрвеня ў Турыне (Італія) двое сабратоў з Беларусі Марк Найдзіч SDB і Міхаіл Радзевіч SDB прынялі сакрамэнт пасвячэння ў ступені дыяканату.
Як паведамляе сайт салезіянскай супольнасці ў Беларусі sdb.by, урачыстасць пасвячэння адбылася ў базыліцы Марыі Успамогі Хрысціянаў — турынскай святыні, вельмі важнай для ўсіх салезіянаў, бо яна была пабудавана заснавальнікам супольнасці святым Донам Боско. Акрамя беларусаў, дыяканамі Касцёла ў гэты дзень сталі таксама два салезіяніна з Нігерыі, адзін з Харватыі, тры з Італіі і адзін з Індыі.
Цэлебрацыю ўзначаліў дапаможны біскуп Турына Гуідо Ф’яндзіна.
У прамоўленай гаміліі біскуп заахвоціў новых дыяканаў Касцёла быць пакорнымі і «маленькімі», каб Езус, які знаходзіцца ў іх, быў Вялікім.
Іерарх таксама звярнуў увагу на сутнасць служэння падчас літургіі і прапаведвання. Асаблівым чынам ён падкрэсліў важнасць служэння бедным і пакінутым, каб маладыя сабраты маглі стаць жывым знакам Божай любові, якая належыць усім.
Усе ахвотныя мелі магчымасць удзельнічаць ва ўрачыстасці пасвячэння з дапамогай анлайн-трансляцыі. Адмысловыя прагляды былі арганізаваныя ў беларускіх араторыях, каб моладзь, якая добра ведае Марка і Міхаіла, мела магчымасць разам з імі перажываць гэтую хвалюючую падзею.
Дыякан Марк Найдзіч і дыякан Міхаіл Радзевіч паходзяць з салезіянскай парафіі святога Міхала Арханёла ў Смаргоні. Неўзабаве маладыя дыяканы прыедуць у Беларусь, каб праходзіць у салезіянскіх парафіях на радзіме летнюю практыку.