12–13 чэрвеня арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч на сваёй малой радзіме ў Адэльску (дэканат Гродна Захад) узначаліў урачыстыя цэлебрацыі ў гонар парафіяльнага адпусту святога Антонія.
Адпустовыя ўрачыстасці ў адэльскім касцёле Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі распачаліся 12 чэрвеня святой Імшой у вігілію.
На іх тутэйшыя парафіяне запрасілі свайго славутага земляка арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча. Адпуст у роднай парафіі стаў для заслужанага іерарха нагодаю адзначыць на сваёй малой радзіме 40-годдзе з дня прэзбітэрскага пасвячэння.
Падчас святой Імшы ўвечары адбылася традыцыйная працэсія са свечкамі вакол святыні.
У нядзелю 13 чэрвеня арцыбіскуп Кандрусевіч узначаліў цэлебрацыю ўрачыстай святой Імшы, падчас якой удзяліў сакрамэнт канфірмацыі групе адэльскіх вернікаў. У Эўхарыстыі ўзяў удзел таксама біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч.
Гаворачы пра традыцыйны ў Адэльску адпуст святога Антонія, арцыбіскуп Кандрусевіч адзначыў: «Штогод гэты папулярны святы збірае нас на адмысловае набажэнства, добра вядомае далёка за межамі адэльскай парафіі. Той факт, што гэты фэст ніколі не пераносіцца на іншы дзень гаворыць сам за сябе. Так было нават у савецкія часы ваяўнічага атэізму. Так ёсць і сёння. Спадзяюся, што застанецца назаўсёды», — сказаў іерарх.
У прамоўленым Божым слове ён падкрэсліў, што ані пандэмія каранавірусу, ані сучасныя секулярныя тэндэнцыі, ані грамадска-палітычны крызіс у нашай Бацькаўшчыне не могуць зацьміць узнёсласць свята ў гонар святога Антонія.
«Святы Антоній, які з’яўляецца апекуном у пошуку згубленых рэчаў, павінен стаць апекуном у пошуку і адраджэнні веры, якую сучасная секулярная культура губляе, але без якой немагчыма вырашыць нашы надзённыя праблемы. Да яго мы таксама звяртаемся сёння з просьбай аб спыненні пандэміі каранавірусу і аб вырашэнні беларускага крызісу», — дадаў арцыбіскуп Кандрусевіч.
У гадавіну святарства іерарх узгадаў сваю прыміцыйную Імшу, якая адбылася ў касцёле ў яго родным Адэльску 40 гадоў таму.
«Сёння перад вачыма стаіць прыміцыя, калі пасля доўгіх змаганняў удалося атрымаць дазвол савецкіх уладаў цэлебраваць Імшу ў Адэльску.
Гэта было не толькі маё свята, але перадусім свята парафіі, з якой у атэістычныя часы выйшаў святар. Тысячы людзей з усёй ваколіцы прымала ўдзел у гэтым набажэнстве», — падзяліўся ўспамінам з удзельнікамі ўрачыстасці арцыпастыр.
«Тут мае карані. Тут усё распачалося. Тут я нарадзіўся, у сакрамэнце хросту стаў членам Касцёла, прыняў першую Камунію і сакрамэнт канфірмацыі. Тут дзякуючы бабулі, бацькам, сястры, блізкім і ксяндзу Пятру Барташэвічу атрымаў адпаведную хрысціянскую фармацыю, якая падтрымлівала ў далейшым жыцці, а таксама ў святарскім і біскупскім служэнні», — сказаў арцыбіскуп, дадаўшы, што і праз 40 гадоў пасля пасвячэння няспынна дзякуе Богу за дар паклікання і святарства.
«Сёння я дзякую Богу за такі лёс, які не быў лёгкім і надалей такім застаецца. Я не выбіраў лепшага месца ці больш ганаровай пасады. Выконваў не свае планы, але заўсёды з пакорай прымаў новыя выклікі ісці туды, куды мяне пасылаў біскуп і Папа», — засведчыў арцыбіскуп Кандрусевіч.
Своеасаблівай справаздачай землякам прагучалі яго словы:
«У абвяшчэнні Евангелля <…> я дзейнічаў згодна з сацыяльным вучэннем Касцёла; бараніў яго і вернікаў правы. Заклікаў да справядлівага і мірнага вырашэння ўзнікаючых канфліктаў і крызісаў.
Няхай Бог і людзі ацэняць маё служэнне. Напэўна, не ўсё ўдалося, але хачу запэўніць, што заўсёды імкнуўся служыць Богу, Касцёлу і людзям. За ўсе недахопы і хібы перапрашаю Бога, Касцёл і людзей. Прашу Першасвятара Езуса Хрыста благаславіць далейшае служэнне», — шчыра вызнаў арцыпастыр.
Ён сцвердзіў, што ў час секулярызму і маральнага рэлятывізму, а таксама пандэміі каранавірусу і грамадска-палітчнага крызісу неабходна шукаць новыя спосабы абвяшчэння вечна жывога і дзейснага Божага слова, каб яно мела ўплыў на людзей.
Звяртаючыся да тых, хто ў гэты дзень прымаў сакрамэнт канфірмацыі, арцыбіскуп падкрэсліў, што быць злучаным з Хрыстом — гэта імператыў для кожнага хрысціяніна.
«Перад вамі, маладымі, адкрываецца новы жыццёвы шлях з яго невядомымі выклікамі. Адкрыйцеся для дзеяння Святога Духа, каб Ён умацаваў вашу веру і зрабіў вас сведкамі Евангелля. Так Ён пераменіць вас, каб, перамененыя духоўна, вы змянялі аблічча нашай зямлі», — пажадаў кандыдатам арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч.