У суботу 12 чэрвеня ў касцёле святога Францішка Асізскага ў вёсцы Копішча, што пад Мінскам (Новая Баравая), арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч удзяліў сакрамэнт пасвячэння ў ступені прэзбітэрату брату Івану Садоўскаму OFMCap.
Пасвячэнне адбылося падчас святой Імшы, у якой узялі ўдзел дзесяць святароў на чале з Кусташам Беларускай Кустодыі Ордэна Меншых Братоў Капуцынаў братам Алегам Шэндам OFMCap, а таксама вернікі з капуцынскіх парафій у Копішчы і Маладзечне, адкуль паходзіць брат Іван.
У прамоўленым Божым слове арцыбіскуп Кандрусевіч, які ў гэтыя дні адзначае 40-ю гадавіну святарства, адзначыў, што дзень пасвячэння — гэта пачатак радаснага служэння Богу, Касцёлу і чалавеку.
«Cэрцы людзей чакаюць Бога.
Святар павінен дапамагчы ім знайсці шлях да сэрца Стварыцеля. Святар капуцын, акрамя таго, пакліканы выконваць сваю святарскую місію ў духу святога Францішка», — дадаў іерарх. Ён выказаў падзяку бацькам брата Івна — спачылай маме і прысутнаму на ўрачыстасці тату — за выхаванне сына ў духу любові да Бога, Касцёла і бліжняга, а таксама падзякаваў супольнасці братоў капуцынаў, якая ўзяла на сябе адказнасць за яго манаскую і святарскую фармацыю.
«Для мяне асабіста вялікі гонар удзяліць яму пасвячэнне прэзбітэрату ў гэтым годзе, калі адзначаю 40-годдзе свайго святарскага пасвячэння, якое адбылося ў каўнаскай катэдры 31 мая 1981 года», — падкрэсліў арцыбіскуп Кандрусевіч.
Звяртаючыся да брата Івана, заслужаны арцыпастыр сказаў: «Ты становішся святаром пакалення пандэміі каранавірусу і адыходу ад Бога. Становішся ім падчас грамадска-палітычнага крызісу ў нашай краіне, прычынай якога ёсць грэх.
У гэты лёсавызначальны час нашай гісторыі Божы Провід даручае табе спецыяльную місію: быць духоўным лекарам, каб дапамагчы людзям не страціць надзеі і вярнуцца да Бога з мэтай перамагчы гэтыя крызісы. Даручае табе вучыць людзей асноватворнаму прынцыпу хрысціянства: „Ніколі не рабі іншаму таго, чаго не жадаеш, каб табе рабілі іншыя“», — сцвердзіў іерарх. Ён звярнуў увагу на тое, што сёння нашай краіне найбольш патрэбны супакой, а дэвіз служэння духоўных сыноў святога Францішка гучыць менавіта так: «Супакой і дабро».
«Таму табе неабходна будзе вучыць людзей, каб, жывучы паводле Божага закону, будавалі мір, а зло перамагалі дабром», — зазначыў арцыбіскуп, пажадаўшы кандыдату быць святаром паводле Сэрца Езуса: ціхага і пакорнага.
«Прасі ў Яго ласкі, каб і тваё сэрца было такім. У гэтым знаходзіцца сакрэт паспяховага святарскага служэння», — сказаў іерарх, запрасіўшы прысутных маліцца за новага святара і за ўсіх святароў, «каб у наш складаны і поўны небяспечных выклікаў час яны годна адказвалі на яго выклікі і выконвалі сваё служэнне на хвалу Бога і дзеля збаўлення людзей».
Прэзбітэрскае пасвячэнне брата Івана Садоўскага ў новым касцёле братоў капуцынаў у Новай Баравой стала першым у гісторыі гэтай святыні, будаўніцтва якой яшчэ працягваецца.
Пасля заканчэння святой Імшы браты разам з даручанымі іх пастырскай апецы вернікамі запрасілі ўсіх прысутных на шчодры пачастунак на адкрытым паветры. У па-сямейнаму нязмушанай і радаснай атмасферы свята адбылося выступленне вядомага гурта «Рэха», падчас якога сабраныя спявалі разам з салістам Андрусём Такіндангам.