23 мая, ва ўрачыстасць Спаслання Духа Святога, у парафіі Маці Божай Успамогі Хрысціянаў у Бараўлянах 19 вернікаў прынялі сакрамэнт канфірмацыі, які ім удзяліў дапаможны біскуп Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Аляксандр Яшэўскі SDB.
Як паведамляецца на сайце sdb.by, разам з іерархам святую Імшу канцэлебравалі дэлегат салезіянаў на Беларусі ксёндз Віктар Гайдукевіч SDB і пробашч парафіі ксёндз Казімір Шыдэлка SDB.
Як адзначыў на пачатку літургіі біскуп Аляксандр, гэтая ўрачыстасць мае вялікае значэнне для хрысціянаў, бо ў момант спаслання Духа Святога нарадзіўся Касцёл.
Вельмі сімвалічна ў такую ўрачыстасць прымаць сакрамэнт хрысціянскай сталасці, дзякуючы якому веруючыя надзяляюцца дарам Духа Святога, цясней звязваючыся з Касцёлам.
У гаміліі біскуп указаў на тры сімвалы, згаданыя ў літургіі слова: павеў моцнага ветру, агонь і вада. Як нагадаў іерарх, гэтыя тры знакі сімвалізуюць Духа Святога, у прысутнасці якога чалавецтва жыве ад самага стварэння свету.
«Да сёння кожны з кандыдатаў кіраваўся толькі адным памочнікам у жыцці — розумам, — адзначыў іерарх. — А з гэтага моманту ў кожнага з вас ёсць вялікі памочнік — Дух Святы».
Перад заканчэннем святой Імшы вернікі, якія прынялі сакрамэнт канфірмацыі, прачыталі малітву падзякі і просьбу да Духа Святога аб суправаджэнні кожнага на шляху да святасці.
Біскуп Аляксандр пажадаў вернікам, а асабліва тым, хто ў гэты дзень прыняў сакрамэнт канфірмацыі, смела сведчыць Бога ў сваім жыцці.































