Слова старшыні Камісіі
па справах фармацыі семінарыстаў і святароў
пры Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі
на 58-ы Сусветны дзень малітваў аб пакліканнях
Глыбокапаважаныя святары і кансэкраваныя асобы! Дарагія браты і сёстры!
У IV Велікодную нядзелю, якую Касцёл называе нядзеляй Добрага Пастыра, будзем адзначаць 58-ы Сустветны дзень малітваў аб пакліканнях да святарства і манаскага жыцця.
Касцёл пастаянна патрабуе новых працаўнікоў для абвяшчэння Добрай Навіны, цэлебрацыі Эўхарыстыі і іншых сакрамэнтаў. Таму ў гэты дзень хочацца з большай руплівасцю прасіць Бога аб дары святых пакліканняў, каб маладыя людзі не баяліся ахвотным сэрцам адказваць на Божы заклік да асаблівага служэння.
Малітва — найбольш эфектыўны спосаб атрымаць новыя святарскія пакліканні. Нездарма наш Збаўца Езус Хрыстус сказаў сваім вучням:
«Жніво сапраўды вялікае, ды работнікаў мала; таму прасіце Гаспадара жніва, каб паслаў работнікаў на жніво сваё» (Мц 9,37-38).
У словах Езуса няма закліку да адмысловай рэкламы аб пакліканнях альбо нейкай прапаганды ці вербавання. Езус толькі заахвочвае да малітвы: «прасіце Гаспадара жніва, каб паслаў работнікаў на жніво сваё».
Гісторыя Каталіцкага Касцёла ў Беларусі, асабліва першыя дзесяцігоддзі яго адраджэння пасля шматгадовага ганення, паказала: калі мы разам будзем прасіць у сваіх штодзённых малітвах, ахвяруючы цярпенні і добрыя ўчынкі ў інтэнцыі пакліканняў, Пан жніва шчодра адорыць наш Касцёл шматлікімі новымі і святымі пакліканнямі.
Канферэнцыя Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі ў мінулым годзе, у нядзелю Пана нашага Езуса Хрыста, Валадара сусвету, распачала дабравольную ініцыятыву «Духоўная ўспамога святарскіх і манаскіх пакліканняў у Беларусі», каб у нашай краіне заўсёды хапала «работнікаў жніва», — святых, мужных і непахісных у веры. Да гэтай малітоўнай ініцыятывы можна далучыцца ў любы момант.
Нядзеля Добрага Пастыра з’яўляецца добрай нагодай, каб нагадаць пра гэтую ініцыятыву, падзякаваць ад усяго сэрца тым, хто да яе далучыўся і рупліва штурмуе неба, просячы аб новых пакліканнях, а таксама заахвоціць жадаючых далучыцца да яе.
Удзельнік ініцыятывы прымае на сябе абавязак на працягу 3 месяцаў, 6 месяцаў ці 1 года па жаданні:
- маліцца кожны дзень таямніцу святога Ружанца «Спасланне Духа Святога» ў інтэнцыі новых святарскiх i манаскіх паклiканняў у Беларусі;
- прынамсі раз у месяц удзельнічаць у Эўхарыстыі, ахвяроўваючы святую Камунію ў інтэнцыі новых святарскiх i манаскіх паклiканняў у Беларусі;
- штодзённа чытаць адмысловую малiтву, просячы аб новых святых паклiканнях да святарскага i манаскага жыцця ў Беларусі.
Папа Францішак у сёлетнім пасланні на Сусветны дзень малітвы аб пакліканнях называе святога Юзафа «марай паклікання». Святы Айцец адзначае, што незвычайнасць святога Юзафа заключаецца перш за ўсё ў яго штодзённай простай святасці, якая рэалізуецца праз вернасць Богу і Яго Слову, праз адкрытасць сэрца, шчодрага і самаадданага.
Крызіс паклікання — гэта не крызіс недахопу месцаў служэння; гэта крызіс малітвы і пошуку ўласнага паклікання.
Многія маладыя людзі пакліканы да святарства ці манаства, але чамусьці не рэагуюць на Божы заклік. Дапаможам ім нашай руплівай малітвай.
Няхай святы Юзаф, год якога адзначаецца ў паўсюдным Касцёле, дапаможа нам, каб Бог, якому служым, стаў марай нашага паклікання.
З благаслаўленем,
Біскуп Аляксандр Яшэўскі, SDB
Старшыня Камісіі па справах фармацыі семінарыстаў і святароў пры Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі
P.S. Святары могуць прачытаюць гэтае слова падчас аб’яваў на святой Імшы 25 красавіка 2021 года.