Пошук

20.04.2021 11:33   Паводле: Grodnensis.by

Сястра Аўгустына Белагрывая разам з дзвюмя сваімі паплечніцамі прынесла вечныя манаскія абяцанні чыстасці, убоства і паслухмянасці ў Кангрэгацыі сясцёр святой Кацярыны Александрыйскай.

Сястра Аўгустына паходзіць з Гродзенскай дыяцэзіі, з парафіі святога Казіміра ў Ліпнішках (Івейскі дэканат).

Як 19 красавіка было паведамлена на партале Grodnensis.by, урачысты абрад адбыўся ў польскім Браневе. Урачыстая літургія адбылася ў гэтым горадзе невыпадкова, бо тут нарадзілася і жыла заснавальніца Кангрэгацыі сясцёр святой Кацярыны Александрыйскай благаслаўлёная Рэгіна Протман.

Сёлета сёстры кацярынкі, якія жывуць згодна з дэвізам заснавальніцы супольнасці «Як Бог хоча», адзначаюць юбілей 450-годдзя існавання сваёй супольнасці.

Благаслаўлёная Рэгіна паходзіла з заможнай сям’і, аднак у 19-гадовым узросце пажадала служыць Пану і дзякуючы Божаму Провіду ў 1571 г. заснавала кангрэгацыю, аддаючы яе сясцёр асаблівай апецы святой Кацярыны Александрыйскай.

Падчас святой Імшы законніцы атрымалі крыж. Праз гэты знак збаўлення сёстры на працягу ўсяго жыцця асаблівым чынам разважаюць над пасхальнымі таямніцамі, чым характарызуецца духоўнасць гэтай кангрэгацыі.

Пасля ўрачыстага прынясення абяцанняў сястра Аўгустына Белагрывая CSC вярнулася ў Беларусь, дзе працягвае служэнне пры парафіі Божага Цела ў Крамяніцы (Ваўкавыскі дэканат).

 

Абноўлена 20.04.2021 11:38
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа