Пошук

17.03.2021 15:30   Тэкст: Паліна Ручан / Фота: Кс. Уладзімір Марушэўскі SChr, Агата Лялевіч, Маргарыта Капуста, Паліна Ручан / Catholic.by

13 сакавіка ў Магілёве прайшла моладзевая сустрэча, праграму да якой падрыхтавалі ксяндзы хрыстусоўцы і аніматары з мінскай парафіі Святога Яна Евангеліста і Максімільяна Кольбэ. «Адчыніце дзверы Хрысту» — так гучала тэма сёлетняй сустрэчы, якая стала працягам мінулагодняга дня духоўнага засяроджання.

Пры парафіі Святога Антонія сабраліся маладыя людзі з парафій Магілёва, Бабруйска і Мінска разам са сваімі душпастырамі і Біскупскім вікарыем для горада Магілёва і Магілёўскай вобласці біскупам Аляксандрам Яшэўскім SDB.

Нягледзячы на аднадзённы фармат сустрэчы, удзельнікі мелі час на знаёмства дзякуючы інтэграцыйнай праграме, падрыхтаванай мінскімі аніматарамі.

Першая палова дня была прысвечана «тэорыі» евангелізацыі: ксёндз Алег Шпець SChr прамовіў для моладзі канферэнцыю, падчас якой падкрэсліў важнасць быць вестуном і прапаведнікам, бо гэта місія, якую даручыў людзям сам Езус.

Разважаючы пра досвед св. Тэрэзы ад Дзіцяткі Езуса, моладзь адкрывала, як праз малыя справы можна рабіць штосьці вялікае для Бога. Ксёндз Алег прывёў трапнае параўнанне з алоўкам, які ў руках генія набывае выключную каштоўнасць:

«Таксама людзі пакліканы быць інструментам у руках любячага Бога. Але гэта патрабуе штодзённага самаадрачэння, вялікай адданасці і вернасці Богу».

Адно з заданняў маладога хрысціяніна — быць сведкам радасці сустрэчы з Богам, каб і бліжнія адкрылі для сябе Хрыста. Але гэта, як падкрэсліў святар, па сілах толькі таму, хто сам сустрэўся ў сваім жыцці з жывым Богам.

Такім чалавекам з’яўляўся італьянскі юнак благаслаўлёны Карло Акуціс, які падчас свайго кароткага жыцця быў сапраўдным сведкам сустрэчы з жывым Богам у Эўхарыстыі. «Эўхарыстыя — гэта мая аўтамагістраль да нябёсаў», — казаў пры жыцці благаслаўлёны Карло Акуціс. Гісторыя жыцця і веры гэтага італьянскага юнака была пакладзена ў аснову разважанняў набажэнства Крыжовага шляху.

«Крок за крокам я перажывала гісторыю благаслаўлёнага Карло. Жыццё гэтага хлопчыка кранала да слёз. …Не кожны зможа годна прайсці такі шлях», — падзялілася Соф’я Ананіч.

  

Другая частка сустрэчы была больш практычная. Маладыя людзі атрымалі канкрэтныя інструменты для прапаведавання, а таксама парады, як імі карыстацца. Мінскія аніматары падрыхтавалі заданні для працы ў групах, каб кожны атрымаў свайго роду досвед евангелізацыі ў розных жыццёвых сітуацыях.

Завяршылася малітоўная сустрэча святой Імшой, падчас якой біскуп Аляксандр Яшэўскі заахвоціў моладзь усё ў сваім жыцці рабіць з любові да Бога і памятаць словы Езуса з прыпавесці:

«Кожны, хто ўзвышае самога сябе, прыніжаны будзе, а хто прыніжае сябе, узвысіцца».

Абноўлена 17.03.2021 16:09
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа