Пошук

15.02.2021 20:30   Catholic.by

Зварот біскупа Пінскага Антонія Дзям’янкі на Вялікі пост 2021 года
да вернікаў Пінскай дыяцэзіі

«Навяртайцеся і верце ў Евангелле» (Мк 1, 15)

Умілаваныя ў Хрысце браты і сёстры!

Мы распачынаем Вялікі пост у 2021 годзе. У нашым жыцці гэта чарговы час, калі мы можам наблізіцца да Хрыста, заглыбляючыся ў тое, што найважнейшае для нашага збаўлення — у таямніцу Мукі, смерці і Уваскрасення Езуса.

Пра што нельга забывацца, распачынаючы Вялікі пост?

Пра тое, што заўсёды прыходзіць на думку, калі мы перажываем гэты літургічны перыяд: Крыжовы шлях, велікапосныя рэкалекцыі, перажыванне кожнай пятніцы як дня ўспаміну Мукі і смерці нашага Адкупіцеля. Гэта вядомыя нам пабожныя практыкі. Але сёлета мы іх перажываем у асаблівым кантэксце. Гэта складаны час для нас і для ўсяго свету. Гэты час паказвае нам нашую людскую абмежаванасць, бездапаможнасць, чалавечае цярпенне, нарэшце — смерць.

Разам з тым гэта час, які дае нам магчымасць лепш зразумець словы святой Тэрэзы ад Езуса: «Не турбуйся, не бойся — Бога дастаткова» (пар. таксама 2 Кар 12, 9). Дастаткова Езуса Хрыста. Перажыванні нашага часу дапаўняюць гэтае пасланне: Ён Бог, які спазнаў, што значыць быць слабым чалавекам. Ён так палюбіў свет, так любіць кожнага чалавека, што прайшоў праз брамы цярпення і смерці. Ён прайшоў усё гэта, каб перамагчы смерць. Усё дзеля таго, каб апошняе слова належала жыццю. Дзеля таго, каб мы жылі (пар. Флп 2, 6–11). Бога сапраўды дастаткова.

Кожны раз, калі Езус здзяйсняў цуд, Ён паказваў, кім ёсць. Ён загадваў вучням і сведкам захаваць маўчанне пра ўсё ажно да завяршэння Ягонай місіі на зямлі.

Такім чынам Ён паказаў на вельмі важны элемент гэтай місіі — суцішэнне.

Не дзіўна, што да непасрэднага выканнання сваёй місіі Хрыстус рыхтаваўся, посцячы ў цішыні пустыні на працягу сарака дзён. Так Ён паказвае нам і на Вялікі пост як на асаблівы час суцішэння не толькі ў літургічным годзе, але і ва ўсім нашым хрысціянскім жыцці.

Цяпер мы ў чарговы раз уваходзім у гэты час. Што мы можам зрабіць, каб ён унёс нешта асаблівае і новае ў гэты год, а тым самым дапамог з кожным наступным годам адкрываць усцяж новыя духоўныя перспектывы? Падчас Вялікага посту неабходна паглыбіцца ў Бога. Выпусціць з рук усё, што, як нам здаецца, трымае нас пры жыцці і напаўняе яго нейкім сэнсам. Насамрэч яно часта засланяе ад нас Бога. Таму кіраванне нашым жыццём неабходна перадаць Хрысту.

Езуса дастаткова. Няхай гэтая думка дапаможа нам увайсці ў святы час посту і няхай яму спадарожнічае.

Няхай гэты час дапаможа нам глыбей адкрыць тое, што коратка выразіў святы Ян Апостал, кажучы пра Бога, аб’яўленага ў Хрысце Збавіцелю: «Бог ёсць любоў» (1 Ян 4, 16).

На час Вялікага Посту з сэрца благаслаўляю.

+ Антоні Дзям’янка
біскуп Пінскі

Пінск, 15 лютага 2021 г.

P.S. Душпастырам Пінскай дыяцэзіі неабходна абвясціць гэты зварот вернікам падчас кожнай святой Імшы ў Папяльцовую сераду або ў Першую нядзелю Вялікага посту і размясціць яго на прыкасцёльнай дошцы аб’яваў на ўвесь перыяд Вялікага посту.

Абноўлена 15.02.2021 20:32
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця