Пошук

07.01.2021 01:05   Catholic.by

6 студзеня арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі на пенсіі, наведаў сваю малую радзіму Адэльск, каб з нагоды 75-годдзя падзякаваць Богу за дар жыцця і каталіцкае выхаванне, якое яму далі ў часы пераследу веры яго бацькі, бабулі і дзядулі.

Падчас Імшы ў мясцовай парафіі іерарх падкрэсліў, што з’яўляецца адэльчанінам, таму не мог не прыехаць у гэты час у Адэльск.

Таксама ён падзякаваў сваім землякам за малітоўную падтрымку ў часы, калі на працягу чатырох месяцаў не мог вярнуцца на радзіму.

У гаміліі з нагоды ўрачыстасці Аб'яўлення Пана, якая адзначалася ў гэты дзень, арцыбіскуп засяродзіў увагу на праўдзе аб паўсюднасці збаўлення ў Езусе Хрысце.

Ён адзначыў, што аб гэтай праўдзе сведчыць факт аб'яўлення Езуса тром мудрацам з Усходу, якія не належалі да Выбранага народу і былі язычнікамі.

Як дадаў арцыбіскуп, яны вачыма веры ўбачылі ў новай зорцы на небасхіле знак, што нарадзіўся Збаўца свету, і, ідучы за зоркай, знайшлі Яго ў Бэтлееме.

Па словах арцыбіскупа, у духоўнай цемры сучаснага свету ў Касцёле мы таксама павінны бачыць зорку, якая прывядзе нас да Езуса. «Па прыкладзе Трох каралёў, убачыўшы і пазнаўшы Бога, нам неабходна сведчыць пра Яго сучаснаму свету, каб Яго пазнаў, і, выкарыстоўваючы Яго вучэнне, вырашаць надзённыя праблемы», — дадаў іерарх.

Пасля Імшы вернікі павіншавалі арцыбіскупа з юбілеем 75-годдзя і пажадалі яму Божага благаслаўлення і добрага здароўя.

 

Абноўлена 07.01.2021 07:33
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.