Пошук

04.01.2021 16:37   Catholic.by
Фота Віталія Палінеўскага

Біскуп Казімір Велікаселец, якога 3 студзеня Папа Францішак прызначыў Апостальскім адміністратарам вакантнай катэдры Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі, лічыць сваё прызначэнне высокім даверам з боку Святога Айца.

Новапрызначаны Апостальскі адміністратар паведаміў Catholic.by, што новае прызначэнне стала для яго поўнай нечаканасцю.

«Гэта высокі давер, аказаны маёй сціплай асобе, і я ўдзячны за яго Папу Францішку.

Усведамляючы маю чалавечую абмежаванасць для выканання даручанага мне адказнага задання, я давяраю маё пастырскае служэнне Найсвяцейшай Панне Марыі і прашу ўсіх маліцца за мяне, каб Бог мне дапамог выканаць Яго волю, як гэта напісана ў маім біскупскім гербе — Fiat voluntas tua — „Будзь воля Твая“», — сказаў біскуп Казімір Велікаселец.

Нагадаем, што мітрапаліцкая катэдра Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі засталася вакантнай пасля таго, як Папа Францішак прыняў прашэнне арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча аб выхадзе на пенсію ў сувязі з дасягненнем ім 75-гадовага ўзросту. На час да прызначэння новага Мітрапаліта Святы Айцец прызначыў старэйшага ў Беларусі каталіцкага іерарха Апостальскім адміністратарам архідыяцэзіі.

Падобнае здараецца ўжо не ўпершыню.

14 чэрвеня 2006 года Мінска-Магілёўская мітрапаліцкая катэдра стала вакантнай пасля сыходу на пенсію яе першага ў сучаснай гісторыі Беларусі арцыпастыра кардынала Казіміра Свёнтка. Да таго, як 21 верасня 2007 года Папа Бэнэдыкт XVI прызначыў Мінска-Магілёўскім мітрапалітам арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча, Апостальскім адміністратарам sede vacante Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі больш за год быў цяперашні біскуп Пінскі Антоні Дзям’янка.

Функцыі Старшыні Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі да выбару новага кіраўніка епсікапату часова выконвае яго ранейшы намеснік біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч.

Абноўлена 06.01.2021 11:10
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.