19 снежня ў Мінскім тэалагічным каледжы імя святога Яна Хрысціцеля адбылася традыцыйная вігілійная сустрэча, якую ўзначаліў шматгадовы выкладчык каледжа — дапаможны біскуп Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Аляксандр Яшэўскі SDB.
Сустрэча распачалaся супольнай Эўхарыстыяй, падчас якой біскуп разам з прысутнымі выкладчыкамі і навучэнцамі каледжа разважаў пра супакой у нашым жыцці і супакой у нашым дзеянні. Менавіта гэтая тэма, на думку галоўнага цэлебранта, дапаможа добра падрыхтавацца да святаў Божага Нараджэння, каб кожны мог па-сапраўднаму, паўтараючы разам з анёламі, заспяваць: «Хвала на вышынях Богу, а на зямлі супакой людзям добрай волі».
Працягваючы разважанні, іерарх засяродзіў увагу на тым, што «супакой не з’яўляецца творам чалавека, але з’яўляецца сапраўдным дарам ад Бога».
«Мы ніколі не пабудуем супакой у адзіночку, выкарыстоўваючы толькі нашыя чалавечыя намаганні. Праўдзівы супакой можа даць толькі Бог. А наша задача толькі ў тым, каб уводзіць гэты супакой там, дзе жывём, там, дзе працуем, там, дзе служым. Толькі тады, калі сапраўдны супакой паселіцца ў нашых сэрцах, толькі тады мы зможам будаваць яго ва ўсім свеце», — сказаў біскуп.
Іерарх даў некалькі парад для будаўніцтва супакою: па-першае, з удзячнасцю прыняць уласнае жыццё; па-другое, цешыцца штодзёнымі справамі і клопатамі; па-трэцяе, клапаціцца пра чысціню ўласнага сумлення, а праз усё гэта ўцелаўляць вучэнне Хрыста ў сваім жыцці, каб прычыніцца да супакою ва ўсім свеце.
На заканчэнне разважанняў біскуп пажадаў: «Няхай добры ласкавы Бог, асабліва Найсвяцейшая Панна Марыя, у гэтыя дні дапаможа ацаніць дар супакою, няхай дапаможа кожнаму з нас знайсці адказ на сваё пытанне: “Якім чынам я магу прынесці супакой у маё жыццё, у жыццё іншых, але таксама ў жыццё ўсяго свету і маёй краіны?”»
Пасля Імшы ў межах вігілійнай сустрэчы адбылася прэзентацыя новай энцыклікі Fratelli tutti Святога Айца Францішка аб братэрстве і сацыяльным сяброўстве.
Пераклад энцыклікі на беларускую мову здзейсніла Секцыя па перакладзе літургічных тэкстаў і афіцыйных дакументаў Касцёла пры Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі. Выданне рэалізавана ў выдавецтве Pro Christo дзякуючы падтрымцы Ордэна Меншых Братоў Капуцынаў у Беларусі.
Прадстаўляючы новае выданне, біскуп Аляксандр сказаў: «Энцыкліка Fratelli tutti кажа пра любоў і ўвагу, якая вяртае разбуранаму свет парадак. Гэта сацыяльнае разважанне пра добрага самараніна, які прызнае любоў і ўвагу галоўным законам і з’яўляецца для нас прыкладам творчага сацыльнага сяброўства. За святым Аўгустынам Папа Францішак нагадвае, што, каб стаць народам, трэба сустрэцца адно з адным у дыялогу, тварам у твар і плячо ў плячо».
Пасля ўрачыстай часткі сустрэчы адбыўся святочны КВіЗ з удзелам навучэнцаў і выкладчыкаў, які скончыўся перамогай усіх чатырох каманд. Гэта была добрая нагода, каб умацаваць супольнасць каледжа як адзіную сям’ю, а таксама падзяліцца добрым настроем, адзінствам і здабытымі ведамі і досведам.
Будучы ў святочным настроі, навучэнцы падзякавалі за цэлебрацыю Эўхарыстыі і павіншавалі біскупа з надыходзячамі святамі. Словы віншаванняў прагучалі і ў адрас дырэктара каледжа ксяндза доктара грэміяльнага каноніка Яна Крэміса, які з адданасцю служыць выкладчыкам і навучэнцам.
Напрыканцы сустрэчы адбылося дзяленне аплаткай, хоць і незвычайным чынам па прычыне складанай эпідэміялагічнай сітуацыі.
Пасля благаслаўлення аплаткаў біскуп павіншаваў прысутных з надыходзячымі святамі Божага Нараджэння, пасля чаго паламаў у сваіх руках аплатку ў знак дзялення ёю з кожным. Так зрабілі і астатнія, і такім чынам кожны трымаў у руках дзве часткі «белага хлеба».
Сустрэча завяршылася благаслаўленнем, якое ўдзяліў біскуп.