21 лістапада, ва ўспамін Ахвяравання Найсвяцейшай Панны Марыі, брат Віктар Марыя Мялешка OFMConv прынёс вечныя манаскія абяцанні ў Ордэне Братоў Меншых Канвентуальных.
Урачыстасць адбылася падчас святой Імшы ў францішканскім касцёле Маці Божай Анёльскай у Гродне, у роднай парафіі брата Віктара.
Віктар Мялешка нарадзіўся ў 1994 годзе і адразу пасля заканчэння сярэдняй школы ў 2012 г. распачаў свой манаскі шлях. Яго манаская фармацыя праходзіла ў Польшчы. Цяпер брат Віктар вучыцца на 6 курсе Вышэйшай францішканскай семінарыі ў Лодзі (Польшча) і рыхтуецца да прыняцця дыяканскага пасвячэння.
Свае манаскія абяцанні жыць у паслухмянасці, убостве і чыстасці брат Віктар прынёс у прысутнасці Дэлегата Правінцыяла ў Беларусі а. Антонія Пажэцкага OFMConv, які моцаю ўдзеленай яму ўлады абяцаў брату Віктару жыццё вечнае, калі той стрымае прынесеныя абяцанні.
У сувязі са складанай эпідэміялагічнай сітуацыяй ва ўрачыстасці ўзяла ўдзел абмежаваная колькасць гасцей. Падтрымаць брата Віктара сабраліся сабраты з розных францішканскіх супольнасцяў Беларусі.
Брат Віктар просіць памятаць аб ім у малітве, каб годна і верна служыў Богу на абраным манаскім шляху.