Пошук

05.10.2020 14:31   Тэкст: Мікола Гракаў / Фота: Віталій Палінеўскі / Catholic.by

4 кастрычніка, калі вернікі парафіі святога Францішка ў Копішчы, што на ўскраіне Мінска, адзначалі ўрачыстасць свайго нябеснага апекуна, іх новазбудаваную святыню ўвянчалі крыжы, якія благаславіў біскуп Юрый Касабуцкі.

Гэтай маладой каталіцкай супольнасцю, якая нарэшце мае свой касцёл, духоўна апякуюцца меншыя браты капуцыны. Як адзначыў вітаючы Генеральнага вікарыя Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі, кусташа Беларускай кустодыі Ордэна Меншых Братооў Капуцынаў брата Алега Шэнду OFMCap і шматлікіх удзельнікаў урачыстасці пробашч парафіі брат Андрэй Жылевіч OFMCap, шлях да гэтай знамянальнай падзеі заняў доўгія 25 гадоў.

Чвэрць стагоддзя таму ў Мінску распачаў служэнне брат Анатоль Ярошка — першы беларускі капуцын «новага пакалення», які сёлета адзначае срэбраны юбілей святарства. Менавіта яму была даручана душпастырская апека над католікамі ў мікрараёне Уручча. Аднак час ішоў, бюракратычныя працэдуры зацягваліся, а горад працягваў расці. Нарэшце манахам удалося атрымаць пляцоўку пад будаўніцтва касцёла і кляштара на самай ускраіне сталічных новабудоўляў, у вёсцы Копішча Бараўлянскага сельсавета.

Так на вуліцы Авіяцыйнай, у небе над якой часта відаць верталёты і самалёты размешчанага непадалёк авіяклуба, сярод прыгожых дамоў мікрараёна Новая Баравая побач са «школай Будучыні» ўзняліся прыгожыя сакральныя будынкі ў традыцыйным францішканскім стылі.

У іх раманскіх абрысах цудоўным чынам спалучыліся італьянскія і беларускія архітэктурныя матывы, што адначасова нагадваюць базылікі роднага горада святога Францішка Асізі і наш славуты Мірскі замак.

Два гады таму арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч асвяціў капліцу, што стала першым сакральным будынкам новага комплексу, які ўключае касцёл святога Францішка Асізскага і кляштар капуцынаў. За гады руплівага душпастырства і супольнай малітвы манахі пабудавалі не толькі прыгожую святыню з цэглы, камянёў і бетона, але перадусім нерукатворную святыню, складзеную з чалавечых сэрцаў. У супольнасці поўным ходам ідзе нармальнае парафіяльнае жыццё, і тое, што ў вернікаў ужо ёсць свой касцёл — яскравае пацвярджэнне жывой прысутнасці сярод іх Бога.

У прамоўленым падчас урачыстай святой Імшы Божым слове біскуп Юрый Касабуцкі адзначыў, што крыжы над новазбудаванай святыняй — бачны знак таго, што і ў Мінску працягваецца справа святога Францішка, якому Бог калісьці даручыў адбудаваць свой Касцёл.

Іерарх звярнуў увагу на тое, што наш час чымсьці падобны на часы, калі жыў і дзейнічаў бядняк з Асізі, бо і тады людзі часта занядбоўвалі хрысціянскія абавязкі і жылі ў нязгодзе са сваім сумленнем і Божымі запаведзямі.

Прыклад жыцця святога Францішка стаў для іх бачным заклікам да навяртання, да адраджэння рэлігійнага жыцця. Духоўным сынам святога Францішка братам капуцынам і даручаным іх душпастырскай апецы вернікам біскуп Юрый пажадаў быць сучаснымі сведкамі Евангелля, каб усё больш людзей маглі пазнаць Хрыста і знайсці ў Ім шлях да сапраўднага шчасця.

 

Пасля святой Камуніі ўдзельнікі ўрачыстасці разам з іерархам выйшлі на двор перад касцёлам, дзе адбылося благаслаўленне чатырох крыжоў. Адзін з іх з дапамогаю аўтавышкі рабочыя адразу ж усталявалі над цэнтральным фасадам касцёла. За той час, пакуль вернікі, атрымаўшы благаслаўленне, глядзелі падрыхтаваную наймалодшымі парафіянамі сцэнку пра святога Францішка і Ваўка і слухалі ўрыўкі з музычнай Ларэтанскай літаніі Станіслава Манюшкі ў выкананні хору Cantus Albaruthenicæ, завяршыўся мантаж яшчэ трох крыжоў над касцёлам і капліцай кляштарнага комплексу капуцынаў у Новай Баравой.

З гэтай важнай падзеяй у жыцці маладой каталіцкай супольнасці сваіх братоў і сясцёр у Хрысце павіншаваў прысутны на ўрачыстасці дыякан Іван Ляшчанка з праваслаўнага прыходу храма Мучаніцы Таццяны, які заўважыў, што ўсіх хрысціянаў аб’ядноўвае любоў Хрыста, аб’яўленая на крыжы.

Адчувальным выразам адзінства ў разнастайнасці стаў супольны пасілак на адкрытым паветры на ўзор старажытных агапаў — «гасцін любові», якія адбываліся ў раннехрысціянскія часы задоўга да раздзялення вызнаўцаў Хрыста на розныя канфесіі.

Гатоўнасць дзяліцца хлебам з бліжнімі дазваляе спадзявацца, што такое яднанне сэрцаў пад крыжам Хрыста стане маленькім крокам да пераадолення грамадска-палітычнага крызісу ў Беларусі; крокам насустрач міру і згодзе ў Праўдзе, чаго так моцна сёння жадаюць нашыя суграмадзяне незалежна ад веравызнання.

Абноўлена 05.10.2020 17:45
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.