14 верасня, калі ў лідскай парафіі Узвышэння Святога Крыжа (Фара) адзначалася парафіяльная ўрачыстасць, Генеральны вікарый Гродзенскай дыяцэзіі біскуп Юзаф Станеўскі ўдзяліў групе моладзі парафіі сакрамэнт канфірмацыі.
Пра гэта паведамляе партал Grodnensis.by.
На пачатку святой Імшы маладыя людзі звярнуліся да біскупа з просьбай удзяліць ім сакрамэнт, каб яны маглі стаць новымі цаглінкамі ў будове Касцёла на Беларусі.
Пробашч парафіі ксёндз канонік Уладзімір Гуляй прывітаў святароў і ўсіх прысутных і запэўніў іерарха ў годнай падрыхтоўцы кандыдатаў да прыняцця сакрамэнту хрысціянскай сталасці.
У гаміліі біскуп пажадаў моладзі рэалізоўваць свае планы і мары.
Таксама ён падкрэсліў, што сакрамэнт канфірмацыі — гэта моц з вышыняў, якая вельмі патрэбная моладзі на яе шляху дарослага жыцця.
На заканчэнне Імшы маладыя людзі выказалі словы падзякі святарам і сёстрам законным.
Пробашч падзякаваў бацькам за выхаванне дзяцей у веры, а таксама звярнуў увагу, што мы жывём у свеце, які не спрыяе хрысціянскім каштоўнасцям, і што свабода — гэта вялікая адказнасць за сябе, Бацькаўшчыну і сям’ю. «Сапраўдная свабода ў тым, каб верыць у Бога і давяраць Яму, а для гэтага нам патрэбныя дары Духа Святога», — сказаў святар.
Біскуп падзякаваў бацькам маладых вернікаў і павіншаваў іх саміх.
Ён адзначыў, што яны ўсё могуць, але павінны памятаць пра Божыя запаведзі, любоў Бога, павагу да бацькоў і паслухмянасць ім.
Іерарх благаславіў крыжы і Святое Пісанне і падараваў іх кожнаму, хто ў гэты дзень адкрыўся на Духа Святога ў сакрамэнце хрысціянскай сталасці.