Пошук

15.09.2020 13:39   Паводле: кс. Юрый Марціновіч / Grodnensis.by / Фота: Яўген Занеўскі / Grodnensis.by

13 верасня ў катэдральным касцёле святога Францішка Ксавэрыя ў Гродне група вернікаў прыступіла да сакрамэнту хрысціянскай сталасці.

Як паведамляе партал Grodnensis.by, сакрамэнт удзяліў моладзі і старэйшым парафіянам біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч.

Святую Імшу, падчас якой вернікі былі намашчаны алеем хрызма, іерарх цэлебраваў у іх інтэнцыі, просячы для іх аб ласцы моцнай веры і адвагі, каб штодзённа даваць сведчанне сваёй прыналежнасці да вялікай сям’і Касцёла.

Звяртаючыся да тых, хто ў гэты дзень быў узбагачаны сямю дарамі Духа Святога, біскуп падкрэсліў, што гэты сакрамэнт патрэбны, каб не падпарадкоўвацца тэндэнцыям сучаснага свету, а жыць Божым Словам, трываючы ў веры, і пастаянна быць у стане асвячальнай ласкі.

Маладым людзям, якія склалі большасць тых, хто прымаў у гэты дзень сакрамэнт канфірмацыі, іерарх нагадаў услед за св. Янам Паўлам ІІ, што яны надзея і будучыня Касцёла, а таксама нашай краіны.

Па словах пастыра Касцёла на Гродзеншчыне, мы глядзім на іх з вялікай надзеяй, бо менавіта ад іх у значнай меры залежыць, ці будуць Бог і хрысціянскія каштоўнасці далей прысутнічаць у грамадскім жыцці краіны.

Біскуп выказаў словы ўдзячнасці бацькам, якія паклапаціліся аб рэлігійным выхаванні сваіх дзяцей, сталі іх першымі катэхетамі, далі прыклад добрага хрысціяніна.

У сваю чаргу маладыя вернікі падзякавалі ўсім, хто падрыхтаваў іх да гэтай падзеі. Яны выказалі падзяку сваім душпастырам і катэхетам за вялікі ўнёсак у іх падрыхтоўку да гэтага дня, які, па іх словах, значыць для іх вельмі шмат, абавязвае мужна вызнаваць сваю веру і паступаць паводле яе прынцыпаў.

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.