Малітваю святога Ружанца перад выстаўленым Найсвяцейшым Сакрамэнтам і ўрачыстай святой Імшой распачаўся ўвечары 21 жніўня традыцыйны фэст у гонар Маці Божай Браслаўскай, Валадаркі Азёраў.
Сёлета ўрачыстасці ў сувязі са складанай эпідэміялагічнай сітуацыяй праходзяць у скарочаным фармаце, без традыцыйнай Імшы апоўначы і працэсіі вакол Замкавай гары. Не было і арганізаваных пілігрымак, але з Глыбокага прыехала група юнакоў на роварах, а таксама вернікі з розных куткоў Беларусі на ўласным транспарце.
Менавіта ў інтэнцыі ўсіх удзельнікаў урачыстасці — як мясцовых, так і пілігрымаў — біскуп Віцебскі Алег Буткевіч цэлебраваў святую Імшу ў запоўненай вернікамі браслаўскай святыні перад цудадзейным абразом Маці Божай Валадаркі Азёраў.
Гамілію падчас Эўхарыстыі прамовіў Генеральны вікарый Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскуп Юрый Касабуцкі.
Сталічны іерарх засяродзіўся ў ёй на асобе Марыі — сціплай і крохкай дзяўчыны, якая аказалася моцнай у веры і нязломнай у цяжкіх выпрабаваннях. Сёння, калі з такімі сур’ёзнымі выпрабаваннямі сутыкнулася наша грамадства, біскуп Юрый заклікаў людзей не толькі шукаць у Марыі паратунку і прасіць аб заступніцтве, але таксама браць з Яе прыклад веры і даверу Богу.
«У Яе, нашай Маці, мы павінны вучыцца не помсціць, не адказваць злом на зло, а перамагаць зло дабром», — падкрэсліў біскуп Юрый Касабуцкі.
Пасля заканчэння святой Імшы ў браслаўскай святыні адбыўся канцэрт арганнай музыкі ў выкананні салісткі канцэртнай залы Сафійскага сабора ў Полацку, заслужанай артысткі Беларусі Ксеніі Пагарэлай.