Пошук

17.08.2020 11:32   Catholic.by
Фота Ірыны Школінай

15 жніўня, ва ўрачыстасць Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі, арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч узначаліў цэлебрацыю святой Імшы ў касцёле святога апостала Андрэя ў Нарачы, звярнуўшыся да вернікаў з палымяным Божым словам.

Напачатку арцыпастыр засяродзіўся на значэнні праўды пра Унебаўзяцце Багародзіцы ў жыцці хрысціяніна.

«Мэтай нашага жыцця ёсць неба. Стан Марыі, узятай у неба з целам і душою — гэта наша прызначэнне.

Калі Марыя з целам і душой дасягнула хвалы неба, то мы таксама можам і павінны яго дасягнуць», — адзначыў арцыбіскуп.

Ён дадаў, што для гэтага неабходна браць прыклад з Марыі.

«Дзеці вельмі часта пераймаюць сваіх бацькоў. Марыя — наша духоўная Маці, і мы ў сваім жыцці павінны Яе пераймаць. Перадусім павінны згаджацца з Божай воляй. А гэта з’яўляецца вялікай праблемай для сучаснага свету, які жыве так, як быццам Бога няма.

У выніку маем тое, што маем: дэградацыя інстытуту сям’і і непавага да Божага дару жыцця, рост амаральнасці, сацыяльная несправядлівасць, карупцыя, насілле сілавых структур, якое назіраем на вуліцах нашых гарадоў і ў вязніцах», — з болем канстатаваў кіраўнік беларускага каталіцкага епіскапату.

«Сёння мы перажываем нябачаны дагэтуль грамадска-палітычны крызіс у нашай Бацькаўшчыне. Ён выкліканы адсутнасцю празрыстасці на нядаўніх выбарах, а таксама насіллем з боку сілавых структур. Першапрычынай усяго гэтага з’яўляецца грэх», — сцвердзіў іерарх.

«Нас чакае доўгі час духоўнага навяртання, каб нанава адрадзіць давер народа да ўлады і сілавых структур, заданнем якіх з’яўляецца абарона людзей, а не іх брутальнае збіццё. Неабходна духоўнае адраджэнне нацыі, яе духоўны рэнесанс. А гэта магчыма толькі праз навяртанне да Бога», — дадаў арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч.

«Марыя, прытулак грэшнікаў, прыйдзі нам на дапамогу, каб мы, Твае духоўныя сыны і дочкі, заўсёды згаджаліся з Божай воляй і такім чынам заслужылі месца побач з Табою ў небе», — завяршыў гамілію кароткай малітвай арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч.

Абноўлена 17.08.2020 12:36
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.