Пошук

27.07.2020 10:29   Catholic.by

Паведамленне біскупа Пінскага Антонія Дзям’янкі на жнівень — месяц цвярозасці і малітваў аб цвярозасці

Версія для друку ТУТ>>>

Паважаныя святары, кансэкраваныя асобы, вернікі Пінскай дыяцэзіі і ўсе людзі добрай волі!

На пачатку жніўня я ў чарговы раз жадаю звярнуцца да кожнага з вас з заклікам прысвяціць гэты месяц малітвам аб цвярозасці нашага народа, а таксама заклікаю ўстрымацца ад ужывання алкаголю.

Штогод мы ўздымаем гэтую праблему, якая цесна звязана з абаронаю годнасці чалавечай асобы.

Яна не зводзіцца толькі да адказу на пытанне, ужываем мы алкаголь ці не. Тут важна адказаць на фундаментальныя пытанні: ці мы ведаем, кім з’яўляемся? Як мы ўзніклі і навошта жывем? Пастаўленыя пытанні датычацца сэнсу нашага жыцця. Алкагалізм, на жаль, вядзе да таго, што чалавек губляе гэты сэнс. Вяртанне пачуцця сэнсу — гэта працэс складанай і інтэгральнай тэрапіі.

Бог даў нам розум і волю. Дзякуючы ім чалавек з’яўляецца найбольш дасканалым сярод усіх стварэнняў. Розум і воля робяць нас у пэўным сэнсе падобнымі да Бога. Мы створаныя на Яго вобраз і падабенства, як кажа Святое Пісанне (пар. Быц 1, 26-27). Гэта не толькі вялікі дар, але і сур’ёзнае заданне. Бог дае дар і дае таксама заданне рэалізаваць яго. Калісьці прыйдзе час разлічыцца за тое, як мы выкарыстоўвалі Божыя дары.

Нагадвае нам пра гэта вядомая евангельская прыпавесць пра слугаў, якім гаспадар даў адпаведную колькасць талантаў, загадваючы іх памножыць (пар. Мц 25, 14–30). Задумаемся, як мы выконваем тое, што Бог загадаў нам? Для гэтага трэба мець розум і мысленне. Алкаголь жа нішчыць і першае, і другое і такім чынам аддаляе нас ад Бога. Грэх алкагалізму, мабыць, найбольш поўна паказвае тое напружанне, якое ўзнікае паміж часовай прыемнасцю і яе трагічнымі наступствамі.

У жніўні мы можам глыбей засяродзіцца над гэтым, а перадусім асаблівым чынам маліцца ў інтэнцыі абароны нашага народа ад граху алкагалізму і прадпрыняць тыя ці іншыя практыкі пакаяння.

Заахвочваю ўсіх вас, дарагія браты і сёстры, да такой малітвы. Мы можам мець перад вачыма вобраз канкрэтнага, блізкага чалавека, які знаходзіцца ў алкагольнай залежнасці. Можам бачыць слёзы і выразныя праявы цярпенняў у нашым асяроддзі. Але не падайце духам і не думайце, што вы нічога не можаце зрабіць у такой сітуацыі! Малітва і слёзы святой Монікі, маці, паспрыялі навяртанню яе сына — святога Аўгустына. Акурат у жніўні адзначаюцца іх літургічныя ўспаміны.

Нельга пасіўна глядзець на зло. Бог дае чалавеку сумленне, каб ён мог адрозніваць дабро ад зла, рабіць дабро, а зла пазбягаць. Будзем жа так рабіць!

Ад усяго сэрца благаслаўляю вас у імя Айца і Сына, і Духа Святога.

Пінск, 24 ліпеня 2020 г.

+Антоні Дзям’янка, біскуп Пінскі

Абноўлена 27.07.2020 11:40
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.