Пошук

02.07.2020 20:25   Тэкст: Мікола Гракаў / Фота: Кс. Аўгуст Калясінскі / Catholic.by

Раніцай 2 ліпеня ва ўрачыстасць Маці Божай Будслаўскай біскуп Віцебскі Алег Буткевіч узначаліў цэлебрацыю святой Імшы на палявым алтары перад Нацыянальным санктуарыем.

Разам з ім Эўхарыстыю канцэлебравалі святары, сярод якіх старшыня Каардынацыйнай групы вышэйшых настаяцеляў, дэлегатаў і прадстаўнікоў мужчынскіх і жаночых манаскіх інстытутаў і таварыстваў апостальскага жыцця ў Беларусі ксёндз Віктар Гайдукевіч SDB, кусташ Беларускай Кустодыі Меншых Братоў Капуцынаў брат Алег Шэнда OFMCap, а таксама дырэктар ДКТ Caritas Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі брат Андрэй Жылевіч OFMCap.

На цэлебрацыю сабраліся каля дзвюх соцень вернікаў, многія з якіх у індывідуальным парадку прыйшлі і прыехалі ў Будслаў з розных мясцін Беларусі. З дапамогаю анлайн-трансляцыі з імі духоўна ядналіся вернікі ва ўсёй краіне і за межамі нашай Бацькаўшчыны.

У прамоўленым Божым слове біскуп Алег Буткевіч засяродзіўся на Божай любові, якая асаблівым чынам адчуваецца ў такіх месцах, як Будслаў.

«Будслаў — нібы магніт, што прыцягвае да сябе розных людзей, прычым не толькі вернікаў. Тут адчуваецца незвычайная атмасфера, прасякнутая Божай любоўю, у якую так хочацца акунуцца», — заўважыў іерарх.

Ён дадаў, што людзі, якія прыходзяць у Нацыянальны санктуарый са сваімі праблемамі і цяжкасцямі, знаходзяць суцяшэнне каля цудадзейнага абраза Маці Божай Будслаўскай.

«Эпідэмія каранавірусу стала для нас выпрабаваннем, нагодаю перагледзець нашае жыццё, каб паставіць на першае месца сапраўдныя каштоўнасці, сярод якіх самая галоўная — любоў. Яна паходзіць ад Бога як ад сваёй першакрыніцы; Дух Божы — гэта Дух любові», — падкрэсліў біскуп Алег.

Пастыр Касцёла на Віцебшчыне зазначыў, што любоў умацоўвае кожнага чалавека і робіць яго па-сапраўднаму шчаслівым. На любові як на фундаменце грунтуюцца сем’і, і сённяшні крызіс сям’і, на думку іерарха, перш за ўсё звязаны з недахопам любові.

«Касцёл нястомна падкрэслівае, што сям’я — гэта саюз мужчыны і жанчыны, з’яднаных любоўю, якія з любоўю прымаюць патомства. Бацькоўская любоў — гэта вялізная сіла. Бацькі любяць сваіх дзяцей, нягледзячы ні на што, нават калі іх дзеці, мякка кажучы, далёка не дасканалыя. А Божая любоў, якою наш нябесны Айцец любіць усіх нас, сваіх дзяцей, нашмат мацнейшая», — сцвердзіў Віцебскі біскуп.

Сярод усіх дароў, якія вернікі атрымліваюць у Будславе, самым каштоўным іерарх назваў тое, што Марыя дае нам свайго Сына.

«Усе людзі — рэлігійныя. Толькі адны вераць у стварэнне і ўшаноўваюць стварэнне, разлічваючы атрымаць яд яго любоў і шчасце. Але стварэнне не можа любіць так, як любіць Бог, не можа прабачаць так, як прабачае нам Бог, а таму не можа зрабіць нас шчаслівымі», — сказаў біскуп Алег Буткевіч.

Сваю гамілію ён завяршыў пажаданнем для ўсіх удзельнікаў урачыстасці на заклік святога Яна Паўла ІІ, 100-годдзе з дня нараджэння якога сёлета адзначаецца, адкрыць свае сэрцы для Божай любові, якая адзіная здольная перамяніць гэты свет.

«З Езусам, якога трымае на руках Марыя і якога дае нам, жыццё можа быць не такім трагічным. Яно набывае мэту і сэнс, і тады ніякія выпрабаванні не могуць забраць у нас надзею і тую сапраўдную радасць, глыбокую і спакойную, якая нараджаецца ад таго, што Бог заўсёды побач з намі», — адзначыў біскуп.

Абноўлена 02.07.2020 22:25
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа