Пошук

25.05.2020 15:55   Тэкст: Анастасія Грышан / Catholic.by

Дзень духоўнага засяроджання для манаскіх супольнасцяў, якія нясуць служэнне ў Беларусі, 25 мая прайшоў анлайн з Нацыянальнага санктуарыя ў Будславе.

Мэтай малітоўнай сустрэчы было з’яднацца перад цудадзейным абразом Маці Божай Будслаўскай у малітве аб найхутчэйшым спыненні пандэміі каранавірусу, даверыць Марыі манаскія супольнасці, якія дзейнічаюць у Беларусі, і ўсіх, хто даручаны іх пастырскай апецы.

Да дня засяроджання з дапамогай трансляцыі на Catholic.by духоўна далучыліся каля сотні манаскіх дамоў, а таксама паасобных братоў і сясцёр, якія служаць у нашай краіне.

Праграма сустрэчы адкрылася Гадзінкамі аб Беззаганным Зачацці Найсвяцейшай Панны Марыі.

Потым распачалася святая Імша, цэлебрацыю якой узначаліў кс. Віктар Гайдукевіч, салезіянін, старшыня Каардынацыйнай групы вышэйшых настаяцеляў, дэлегатаў і прадстаўнікоў мужчынскіх і жаночых манаскіх інстытутаў і таварыстваў апостальскага жыцця ў Беларусі.

Святар нагадаў, што тыдзень таму Касцёл адзначаў 100-годдзе з дня нараджэння св. Яна Паўла ІІ, які быў вялікім шанавальнікам Маці Божай.

Гэты Папа, звяртаючыся да кансэкраваных асобаў, заклікаў іх захаваць набажэнства да Найсвяцейшай Панны Марыі, жадаючы, каб Яна суправаджала іх і ў кожнай жыццёвай сітуацыі адорвала радасцю і супакоем, якія можа даць толькі Бог.

Таксама кс. Віктар перадаў удзельнікам малітоўнай сустрэчы прывітанне, якое скіраваў ад імя Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі біскуп Аляксандр Яшэўскі SDB, адказны за пастырства Інстытутаў кансэкраванага жыцця і таварыстваў апостальскага жыцця ў епіскапаце Беларусі. Іерарх выказвае надзею, што гэтая сустрэча, нягледзячы на тое, што праходзіць у рэжыме анлайн, прычыніцца да ўзмацнення духу адзінства ў манаскіх супольнасцях і духу ахвярнасці ў служэнні патрабуючым. Біскуп заклікае вучыцца ў Яна Паўла ІІ духу малітвы і бязмежнаму даверу Маці Божай.

У гаміліі кс. Алег Шпець, хрыстусовец, адзначыў, што «для кожнай кансэкраванай асобы Багародзіца з Назарэта з’яўляецца Настаўніцай веры і служэння». Ён заклікаў удзельнікаў дня духоўнага засяроджання паразважаць над тым, якое месца займае Марыя ў жыцці кожнага з іх, жыцці ордэнаў і кангрэгацый.

Святар звярнуў увагу на тое, што Маці Божая «вучыць нас, як будаваць адносіны з Богам і бліжнім». Яна «нагадвае кансэкраваным асобам, што ласка паклікання — прывілея, якой мы не заслужылі», і «паказвае, як гэтая Божая ласка павінна быць прынята».

Сама ж Марыя «ніколі не стварала перашкодаў для росту святасці ў сваім жыцці», супрацоўнічала з Панам і «вучыць, як дазволіць Богу натхняць нас і кіраваць намі».

Ксёндз Алег дадаў, што Марыя «аддала ўсё жыццё служэнню збаўлення». Паколькі справа збаўлення «з’яўляецца самай важнай справай Хрыста», яна «павінна быць важнай і для кожнай манаскай супольнасці». Святар заахвоціў удзельнікаў малітоўнай сустрэчы падумаць, ці здольны кожны з іх цалкам прысвяціць сябе гэтай справе, ці з’яўляецца яна цэнтрам іх манаскага жыцця.

Акрамя гэтага, па словах святара, важна прасіць аб адкрытасці для натхненняў Святога Духа, што асабліва патрэбна настаяцелям манаскіх супольнасцяў, быць вернымі харызмам сваіх заснавальнікаў і ўключаць у сваю малітву людзей, якія маюць патрэбу.

Важнымі ў апостальскай працы кансэкраваных асобаў з’яўляюцца, як было адзначана, атмасфера братэрства ў іх супольнасцях і вернасць духу ахвярнасці.

Пасля Імшы адбылося выстаўленне Найсвяцейшага Сакрамэнту са святым Ружанцам і Маёвым набажэнствам.

Была прамоўлена таксама малітва аб спыненні каранавірусу, якую прапанаваў Папа Францішак.

На заканчэнне праграмы дня духоўнага засяроджання быў праспяваны Акафіст на ўшанаванне Багародзіцы.

Абноўлена 25.05.2020 17:29
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця