Пошук

23.05.2020 17:03   Тэкст: Мікола Гракаў / Фота: Вольга Адамовіч / Catholic.by

У суботу 23 мая брат Аляксей Марыя Юхневіч OFMConv з рук дапаможнага біскупа Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Аляксандра Яшэўскага SDB прыняў прэзбітэрскае пасвячэнне ў сваёй роднай парафіі ў Івянцы.

Новапрэзбітэр айцец Аляксей належыць да Ордэна Братоў Меншых Канвентуальных (Францішканаў), уся ягоная манаская фармацыя праходзіла ў структурах ордэна ў Польшчы.

Ён з’яўляецца выпускніком Вышэйшай духоўнай семінарыі братоў францішканаў у Лодзі.

Пасля абароны магістарскай працы быў скіраваны на душпастырскую практыку ў францішканскую парафію Маці Божай Анёльскай у Гродна, дзе і прайшоў апошні этап яго падрыхтоўкі да прэзбітэрскага пасвячэння.

На пачатку да ўсіх удзельнікаў цэлебрацыі — прысутных у касцёле і тых, хто духоўна далучыўся праз анлайн-трансляцыю, — звярнуўся а. Сяргей Мігун OFMConv. Ён прывітаў біскупа Аляксандра Яшэўскага, братоў францішканаў, якія прыбылі на ўрачыстасць пасвячэння з Гродна, Свіслачы, Удзела, святароў з розных мясцін Беларусі, сясцёр законных і ўсіх вернікаў.

Нездарма сакрамэнт пасвячэння ў ступені прэзбітэрату брату Аляксею быў запрошаны ўдзяліць менавіта Біскупскі вікарый для горада Магілёва і Магілёўскай вобласці біскуп Аляксандр Яшэўскі SDB.

Іерарх таксама з’яўляецца кансэкраванай асобай, і ўжо ва ўступным слове да літургіі ён падкрэсліў выключнасць служэння Богу ў святарстве і жыцці паводле евангельскіх парадаў, пажадаўшы брату Аляксею вытрываць да канца і заўсёды быць верным. Біскуп Аляксандр запрасіў усіх прысутных маліцца за будучага святара, каб ён верна трываў у штодзённым нясенні святарскага крыжа.

Кандыдата Аляксея Юхневіча прадставіў прысутны на Эўхарыстыі Правінцыйны дэлегат Ордэна Братоў Меншых Канвентуальных у Беларусі а. Антоні Пажэцкі OFMConv. Пасля гэтага біскуп Аляксандр Яшэўскі звярнуўся да ўдзельнікаў пасвячэння з Божым словам. Перадусім іерарх прывітаў бацькоў брата Аляксея Юхневіча Вольгу і Валянціна, заахвоціўшы іх з радасцю глядзець на свайго сына, які абраў шлях манаскага жыцця і святарскага служэння, цешыцца і ганарыцца ім, надалей падтрымліваць яго сваёй малітвай і бацькоўскай апекай.

«У гаміліі я буду звяртацца да цябе, браце Аляксей, — працягнуў біскуп Аляксандр. — Але разам з тым я прамаўляю таксама да сябе, да святароў, кансэкраваных асобаў і свецкіх вернікаў», — дадаў ён.

«Дзень твайго прэзбітэрскага пасвячэння — субота прыгожага месяца мая. Гэта дзень і месяц, асабліва прысвечаныя Маці Божай.

Далей іерарх нагадаў пра дыялог Пятра з Хрыстом з прачытанага на Эўхарыстыі Евангелля. Зноў звяртаючыся да кандыдата, біскуп сказаў:

«Сёння ты даеш свой адказ на пытанне Хрыста пра тваю выключную любоў да Яго. Служэнне будуецца на любові. Ахвяра грунтуецца не на абавязку, бо ніхто не можа прымусіць цябе выбраць гэты стан жыцця і гэтае служэнне. Яна грунтуецца і не на чалавечай карысці, бо яе тут няма. Наадварот, сёння многія лічаць, што жыццё святара і манаха — змарнаванае жыццё.

Толькі таямніца любові можа па-сапраўднаму растлумачыць тое, што мы з табою сёння перажываем. Бог выбраў цябе, каб ты распаўсюджваў Божую любоў у свеце», — сцвердзіў біскуп Аляксандр Яшэўскі.

Іерарх нагадаў брату Аляксею пра яго заданне быць святым святаром, як святы Максімільян Марыя Кольбэ, які належаў да таго самага манаскага ордэна.

«Святарства — гэта не прафесія. Святар служыць, а не „працуе святаром“: інакш ён ніколі не стане святым. Распачынаючы шлях святарскай святасці, апраўдай чаканне Хрыста і будзь святым святаром, памятаючы, што сёння ты згаджаешся быць слугой», — заахвоціў біскуп брата Аляксея.

«Стаўшы святаром, ты наблізішся да алтара, а гэта не месца паказу сваёй асобы, не месца праяўлення ўлады. Алтар — гэта месца ахвяры Хрыста, які так палюбіў нас, што даў сябе самога за нас.

Пры алтары і ў канфесіянале ты будзеш адчуваць сябе слугою, нягодным распарадчыкам вялікага Божага дару», — падкрэсліў іерарх.

Ён па-айцоўску параіў будучаму святару развіваць адносіны з Хрыстом у малітве і ў штодзённым разважанні над Божым словам, нагадаўшы, што яго заданне — абуджаць у людзях жаданне Бога, жаданне духоўных дабротаў.

«Бог любіць усіх без адрознення. Перавагу Ён аддае грэшнікам, самотным, хворым, адкінутым. Менавіта такое бачанне Касцёла мае Папа Францішак — бедны Касцёл для бедных. Служэнне бедным — гэта харызма твайго ордэна. Калі будзеш служыць бедным, сам будзеш вольным ад жадання багацця і славы», — падкрэсліў біскуп Аляксандр Яшэўскі.

Ён пажадаў брату Аляксею дбаць пра адзінства ў ордэне, у мясцовым Касцёле, дзе будзе служыць, і ў грамадстве, заахвоціўшы яго быць паслухмяным касцёльнай уладзе і настаяцелям «у духу сыноўства, а не па-фарысейску». Будучаму святару іерарх таксама скіраваў пажаданні радавацца ўсім тым, з чаго складаецца святарскае служэнне.

Падводзячы выснову, біскуп Аляксандр Яшэўскі сказаў:

«Цяпер цябе будуць называць „айцом“. Заслужы гэты тытул, які вельмі дарагі нашым беларускім вернікам. Няхай твой адказ сёння гучыць, як адказ святога Пятра: „Так, Пане, Ты ведаеш, што я люблю Цябе“».

На заканчэнне Эўхарыстыі айцец Аляксей Юхневіч OFMConv перадусім падзякаваў Богу за дар жыцця і паклікання, паклаўшы кветкі на алтар да табэрнакулюма.

Словы падзякі новапрэзбітэр скіраваў біскупу Аляксандру, бацькам, сабратам і ўсім тым, хто прычыніўся да яго манаскай і святарскай фармацыі, а таксама да арганізацыі ўрачыстасці, якую было вельмі няпроста правесці ў цяперашняй складанай сітуацыі.

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа