Каб годна адзначыць 100-годдзе з дня нараджэння святога Яна Паўла ІІ, нарачанцы запускаюць адмысловы праект: анлайн-конкурс ведаў «Святы Ян Павел ІІ — Вялікі Папа».
У папярэднія гады ў парафіі святога Андрэя, апостала, у Нарачы конкурсы ведаў праводзіліся толькі для мясцовых дзяцей і моладзі.
Але сёлета было вырашана, што ў анлайн-конкурсе могуць узяць удзел усе жадаючыя: дзеці, моладзь, дарослыя, прадстаўнікі іншых парафій — усе тыя, для каго асоба святога Яна Паўла ІІ з’яўляецца прыкладам самаахвярнага жыцця і поўнага прысвячэння сябе Богу.
Пытанні конкурсу былі складзены такім чынам, каб, адказваючы на іх, ва ўдзельніка была магчымасць прыгадаць самыя важныя, знакавыя моманты біяграфіі святога Яна Паўла ІІ, далучыцца да яго духоўнай спадчыны і, самае галоўнае, зразумець вучэнне жыцця Вялікага Папы, навуку прабачэння і любові.
Вынікі конкурсу ведаў будуць падведзены 18 мая, у дзень нараджэння святога Яна Паўла ІІ.
Пераможцаў анлайн-конкурсу ведаў чакаюць прызы.
Але самай важнай узнагародай для ўсіх удзельнікаў конкурсу ведаў, на думку арганізатараў, стане магчымасць зразумець, што кожны хрысціянін павінен жыць так, як вучыў святы Ян Павел ІІ: з любоўю і дзеля любові.