Пошук

14.04.2020 14:32   Паводле: Grodnensis.by / Фота: Grodnensis.by / Catholic.by

Цэлебрацыю ўрачыстых літургій Пасхальнай вігіліі і раніцай у нядзелю Уваскрасення Пана ўзначалілі біскупы Аляксандр Кашкевіч і Юзаф Станеўскі ў Гродне і Лідзе.

Пра гэта паведамляе Grodnensis.by.

Вечарам у Вялікую суботу, 11 красавіка, у катэдральным касцёле св. Францішка Ксавэрыя ў Гродне літургію Пасхальнай вігіліі цэлебраваў біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч.

У гаміліі біскуп падкрэсліў, што ў Хрысце здзяйсняецца наша Пасха: мы пераходзім са смерці да жыцця, са змроку граху да святла ласкі, са смутку і трывогі да бясконцай радасці, асновай і крыніцай якой з’яўляецца вера ва Уваскрослага.

Пастыр Касцёла на Гродзеншчыне дадаў, што, уваскросшы, Езус перамог смерць і перайшоў да сапраўднага жыцця, якое не будзе мець канца.

Іерарх заўважыў, што «вера ва ўваскрасенне Хрыста дазваляе нам адарваць погляд ад таго, што прыземленае і часовае, запрашае, каб мы сэрцам і думкай узняліся ўгору, убачылі іншыя, шырэйшыя гарызонты — не тыя, абмежаваныя чалавечымі магчымасцямі і законамі прыроды, да якіх мы так прызвычаіліся, а накрэсленыя Уваскрослым Панам, звязаныя з небам і вечнасцю».

Біскуп адзначыў, што пасхальная таямніца Сына Божага, Яго перамога над грахом і смерцю нясе ўсяму чалавецтву новую надзею, вельмі патрэбную свету, які адчувае няўпэўненасць наконт таго, што прынясе заўтрашні дзень з прычыны эпідэміі.

Цэлебрацыю літургіі Пасхальнай вігіліі ў парафіі Узвышэння Святога Крыжа ў Лідзе (Фара) узначаліў Генеральны вікарый Гродзенскай дыяцэзіі біскуп Юзаф Станеўскі.

Біскуп адзначыў, што факт уваскрасення Езуса Хрыста нялёгкі для ўяўлення, таму хрысціянская вера ва ўваскрасенне сутыкалася з самага пачатку з неразуменнем. Ён дадаў, што разуменне праўды аб уваскрасенні становіцца магчымым для чалавека найперш праз веру і святы хрост, які з’яўляецца адраджэннем да новага жыцця.

Іерарх падкрэсліў, што ў час пандэміі каранавірусу Уваскрослы Езус прыходзіць да ўсяго чалавецтва і, як калісьці да ўстрывожаных апосталаў, скіроўвае словы: «Супакой вам».

Як заўважыў дапаможны біскуп, у сёлетнія святы трэба абудзіць у сабе вялікае жаданне неба, бо «мы пакліканы да жыцця ў небе і таму шукаем таго, што ў вышынях, і сумуем па небе».

12 красавіка, у раніцу ўрачыстасці Уваскрасення Пана, біскуп Аляксандр Кашкевіч цэлебраваў святую Імшу ў гродзенскім касцёле Маці Божай Анёльскай.

Біскуп адзначыў, што жаданнем кожнага чалавека павінна быць тое, каб любоў перамагала, каб агортвала ўсё і ўсіх, каб перамяняла нас саміх, бліжніх і ўвесь свет.

Пастыр Касцёла на Гродзеншчыне пажадаў вернікам, каб сёлетнія святы, якія перажываюцца ў ценю пандэміі, былі тым не менш радаснымі і благаслаўлёнымі, і пажадаў спазнаваць радасць, што паходзіць з пустога гробу Езуса Хрыста.

Біскуп Юзаф Станеўскі цэлебраваў Імшу раніцай ва ўрачыстасць Змёртвыхпаўстання Пана ў гродзенскай катэдры. У сувязі з пандэміяй не было традыцыйнай рэзурэкцыйнай працэсіі вуліцамі горада. Эўхарыстыя транслявалася ў прамым эфіры тэлеканалам «Гродна Плюс».

Біскуп заклікаў несці надзею тым, хто яе страціў або ў гэтых складаных умовах пачынае страчваць.

Іерарх заахвоціў асабліва ў гэтыя цяжкія дні падзяліцца любоўю з тымі, хто прабывае ў самаізаляцыі, з хворымі і церпячымі з прычыны пандэміі.

На заканчэнне літургіі біскуп пажадаў усім, нягледзячы ні на што, радасных і благаслаўлёных святаў, якія перажываюцца ў родным доме. Ён пажадаў, каб нядзеля Уваскрасення Пана стала добрай нагодай радавацца і весяліцца, бо наша жыццё адраджаецца, мы памерлі для граху, каб уваскрэснуць з Хрыстом і жыць з Ім навекі.

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа