Пошук

28.03.2020 17:55   Catholic.by

Адказны за моладзь у Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі біскуп Юзаф Станеўскі абвяшчае вынікі конкурсу на стварэнне агульнабеларускіх лагатыпу і гімну Сусветнага дня моладзі, які штогод ладзіцца на дыяцэзіяльным узроўні ў Пальмовую нядзелю.

Любая моладзь, браты і сёстры!

Хрысціяне ўсяго свету перажываюць цяпер перыяд Вялікага посту, які сёлета праходзіць на фоне пандэміі каранавірусу. Таму цяпер асабліва вымоўна гучаць словы, якія мы, спадзеючыся на Божую Міласэрнасць, спяваем на нашых набажэнствах: «Планы нашы і надзеі разбурае штосьці зноў, аднак Міласэрнасць Твая, о Божа, не пакіне ніколі нас».

Памятаючы пра тое, што Божая апека не пакідала нашых продкаў у мінулым, мы прысвяцілі нашу краіну Беззаганнаму Сэрцу Найсвяцейшай Панны Марыі і верым, што пераможам, бо апошняе слова заўсёды за Богам.

Езу, давераем Табе і просім дапамогі ў нашым руху наперад!

Дарагія сябры, 14 лістапада мінулага года я звярнуўся да вас з прапановай узяць удзел у конкурсе па падрыхтоўцы лагатыпу і гімну 35-а Сусветнага дня моладзі, які пройдзе на дыяцэзіяльным узроўні ў Пальмовую нядзелю 5 красавіка пад дэвізам: «Хлопча, кажу табе, устань» (Лк 7, 14).

Дзякуй усім, хто адгукнуўся на гэтае запрашэнне. Дзякуй вам, юнакі і дзяўчаты, за дасланыя працы. Нашаю мэтаю было, каб 35-ы Сусветны дзень моладзі, які ладзіцца на дыяцэзіяльным узроўні, у Беларусі, як і ва ўсім каталіцкім свеце, прайшоў пад адным сімвалам і з адным гімнам, які вывучыць і будзе спяваць уся каталіцкая моладзь Беларусі, а магчыма, і не толькі.

Велікапосныя сустрэчы моладзі і былі зазвычай у нашых дыяцэзіях такім Днём моладзі на дыяцэзіяльным узроўні. На жаль, як мы ведаем, сёлета з-за пандэміі гэтыя сустрэчы былі адменены.

Але гэта не павінна парушыць нашай духоўнай еднасці з моладдзю ўсяго свету.

Таму заклікаю адказных душпастыраў і законных сясцёр Беларусі, і вас, мае маладыя сябры, да духоўнага яднання з моладдзю свету. Раздрукуйце лагатып, змясціце яго на дзвярах, на дошках аб’яваў у касцёлах і ў катэхетычных класах. Паспрабуйце разам заспяваць гімн; заспявайце яго сэрцам так, каб у свеце загучала мелодыя любові.

Лагатып Дня моладзі

Спампаваць >>>

У конкурсе на лепшы лагатып перамагла праца Ганны Смільгінь з Верхнядзвінска (Віцебская дыяцэзія). Вось як тлумачыць значэнне лагатыпа яго аўтарка:

«На лагатыпе мы бачым стылізаваныя выявы Езуса і юнака. Езус падымае юнака, і прастора паміж імі стварае сілуэт чырвонага сэрца, якое паказвае палымнеючую любоў Хрыста, з якой Ён падымае нас як фізічна, так і духоўна.

Сілуэт юнака невыпадкова выкананы ў жоўтых колерах: гэта адсылае нас да кнігі прарока Малахіі (3, 3) і сімвалізуе тое, што Хрыстус не проста падымае нас, але і ачышчае, як золата, ад усялякага бруду — звонку і знутры. Блакітны колер сімвалізуе Нябёсы, да прабывання ў якіх кліча нас Збаўца.

Спампаваць >>>

На плакаце мы бачым таксама выявы касцёлаў і іншых пазнавальных аб’ектаў Беларусі, якія размешчаны на зямлі, жоўтай, як саспелае жніво, а на ёй — блакітныя і чырвоныя струмені, што сімвалізуюць Міласэрнасць Езуса. Блакітны струмень сімвалізуе таксама тое, што Беларусь — гэта край рэк і азёраў».

Гімн Дня моладзі

Словы і музыку гімну 35-а Дня моладзі напісала Лізавета Хоміч з Мінска. Аўтарка заахвочвае да спеву свайго твору:

«Гімн складаецца з трох куплетаў, прыпеву і брыджа. Асноўная думка гімну — гэта напамін пра тое, што, нягледзячы на ўсе нашыя падзенні, Езус жадае, каб мы падымаліся і зноў ішлі за Ім.

Гэты спеў прасякнуты жаданнем моладзі заўжды вызнаваць Хрыста, наследаваць Яго і не баяцца несці свой крыж. Мы заўжды павінны памятаць словы Збаўцы, які кажа нам: „Устань і ідзі!“

Гімн Дня моладзі дае юнакам і дзяўчатам арыенцір, якім з’яўляюцца праўды хрысціянскай веры. Я імкнулася да таго, каб гэты спеў выклікаў радасць і ажыўляў надзею на збаўленне».

Словы гімна з нотамі ТУТ>>>

Сябры, запрашаючы ўзяць удзел у конкурсе, мы абяцалі, што пераможцы атрымаюць узнагароду. Таму, дарагія Ганна і Лізавета, білеты на Сусветныя дні моладзі, якія пройдуць у 2022 годзе ў Лісабоне, для вас ужо забраніраваныя. Віншуем!

Акрамя таго, удзельнікі конкурсу Віктар Салдаценка, Лізавета Раманчук і Тэрэса Грубінава з Гродна таксама маюць запрашэнне на Сусветныя дні моладзі ў Лісабоне. Дзякуй вам за ўдзел!

З малітвай за ўсіх юнакоў і дзяўчат нашай краіны,

+ Юзаф Станеўскі

P.S. Музычныя гурты і касцёльныя хоры, чакаем відэакліпаў Гімну!

Абноўлена 30.03.2020 14:06
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця