Пошук

27.03.2020 11:29   Тэкст: Кс. Аляксандр Улас / Catholic.by
Фота Віталія Палінеўскага

Дырэктар парталу Catholic.by ксёндз Аляксандр Улас дзякуе ўсім тым, хто сваімі малітвамі і ахвяраваннямі далучаецца да справы евангелізацыі з дапамогаю сучасных сродкаў камунікацыі.

Дарагія сябры, браты і сёстры!

З’яўляючыся парталам Каталіцкага Касцёла ў Беларусі, мы імкнемся даносіць актуальную інфармацыю аб падзеях Касцёла ў Беларусі і свеце да нашых вернікаў і ўсіх зацікаўленых людзей.

Вядома, што кожная падобная дзейнасць патрабуе таксама фінансавых рэсурсаў, з якіх аплачваецца праца супрацоўнікоў, інтэрнэт, неабходны для дзейнасці парталу, а таксама тэхнічнае абсталяванне і праграмнае забеспячэнне рэдакцыі. У гэты складаны для большасці з нас час я жадаў бы выказаць усім вам, нашыя дарагія чытачы, вялікую ўдзячнасць за ваш давер да нашай старонкі і за вашу фінансавую дапамогу, якой вы падтрымліваеце дзейнасць і само існаванне парталу Catholic.by.

Сваімі ахвяраваннямі вы не проста аказваеце нам фінансавую дапамогу.

Вы дбаеце таксама пра тое, каб іншыя людзі маглі карыстацца інфармацыяй з нашай старонкі, каб з дапамогаю сучасных сродкаў камунікацыі Божае Слова магло дасягнуць як мага большай колькасці людзей. Калі ж выказацца больш «юрыдычна», такім чынам вы таксама выконваеце касцёльны наказ дапамагаць у патрэбах супольнасці Касцёла.

Апошнім часам ва ўмовах пандэміі на Catholic.by мы арганізавалі рэгулярную відэатрансляцыю святых Імшаў з мінскай архікатэдры Найсвяцейшага Імя Марыі. Вядзецца таксама трансляцыя з парафіі святога Сымона і святой Алены (Чырвоны касцёл), адбываюцца трансляцыі з парафіі святога Яна Евангеліста і святога Максімільяна Марыі Кольбэ ў Мінску. Цяпер мы працуем над тым, каб даць карыстальнікам нашага парталу магчымасць удзельнічаць анлайн у няспыннай адарацыі Найсвяцейшага Сакрамэнту і ў літургічных набажэнствах, якія адбываюцца ў парафіі святога Міхала Арханёла ў Івянцы.

Запрашаем усіх душпастыраў Касцёла на Беларусі далучацца да абвяшчэння Божага Слова з дапамогаю інтэрнэту. Заахвочваем таксама вернікаў актыўней карыстацца евангелізацыйнымі магчымасцямі, якія даюць нам сучасныя сродкі камунікацыі, і дапамагчы ў гэтым сваім святарам.

Гэтую дзейнасць, а таксама дзейнасць усяго Касцёла, магчыма ажыццяўляць выключна дзякуючы вашым ахвяраванням. Таму сардэчна дзякуем вам за кожную вашу малітву ў нашай інтэнцыі і за кожны грош, пакладзены ў скарбонку Касцёла.

Наш нябесны Айцец, які бачыць патаемнае, які бачыць намеры сэрцаў, няхай аддзячыць вам сваім благаслаўленнем. Няхай Ён навучыць кожнага з нас заўсёды служыць бліжнім з чыстымі намерамі, каб маглі мы падабацца Богу і каб не шукалі ўласнай славы, але славы Яго.

Абноўлена 27.03.2020 12:21
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.