З 13 па 15 сакавіка ў кляштары сясцёр кармэлітак ад Дзіцяткі Езуса ў Брэсце праходзілі рэкалекцыі для моладзі, прысвечаныя сакрэту незвычайнай духоўнасці святой Тэрэзы з Лізьё.
У духоўных практыкаваннях удзельнічала моладзь не толькі з абласнога цэнтра, але і з іншых мясцін Беларусі. У групе, сабранай у гасцінным доме сясцёр, панавала цёплая і сяброўская атмасфера. Удзельнікаў сваёй нябачнай, але адчувальнай прысутнасцю аб’яднала сама святая Тэрэза ад Дзіцяткі Езуса.
Праводзілі рэкалекцыі сястра Вераніка з кангрэгацыі сясцёр кармэлітак ад Дзіцяткі Езуса і айцец Юры Находка OCD.
У праграме духоўных практыкаванняў былі канференцыі, адарацыя Найсвяцэйшага Сакрамэнту, Крыжовы шлях, споведзь. Асаблівым момантам засяроджання стаў для ўдзельнікаў дзень цішыні. Маўчанне — гэта выдатны сродак, каб пабыць сам-насам з сабой, супакоіцца і зрабіць для сябе важныя высновы. Акрамя таго, багатую падставу для разважанняў даў удзельнікам прагляд фільму, у якім людзі расказвалі пра цуды праз заступніцтва святой Тэрэзы і пра тое, наколькі блізкай яна стала для іх.
Маладыя людзі бліжэй пазналі таямніцу «Малога шляху» да Бога, знаходзячыся ў цішыні, якую практыкуюць кармэліты.
На прыкладзе святой Тэрэзы моладзь заўважыла, што слабасць не перашкаджае імкнуцца да святасці, а вялікая любоў праяўляецца ў малых справах. На цярністым шляху да святасці мы не адны: Бог заўсёды ідзе побач.
Духоўнаць святой Тэрэзы знайшла выраз у яе «Малой дарозе». Гэта кароткі шлях да Бога, або, як сама святая сабе гэта ўяўляла, «ліфт» да Найвышэйшага. На гэтым шляху яе вернымі спадарожнікамі былі пакора, сціпласць і выкананне штодзённых абавязкаў з любові да бліжняга.
Але галоўнае на гэтым шляху — гэта Божая ласка, дзеянне Духа Святога. Святая Тэрэза ўсведамляла сваю слабасць, але гэта не прымусіла яе расчаравацца і адступіць, а наадварот, дапамагло навучыцца больш давяраць Богу. У Ім маладая кармэлітка бачыла свайго міласэрнага Айца і неаднаразова падкрэслівала гэтую Божую рысу міласэрнасці.
Час рэкалекцый стаў для іх удзельнікаў часам роздуму пра сваю ўласную дарогу да Бога, пра адносіны з Ім і з іншымі людзьмі.
На заканчэнне духоўных практыкаванняў тыя, хто правёў тры дні разам са святой Тэрэзай і са сваімі сёстрамі і братамі, адчувалі жаданне зноў сустрэцца і шчыра дзякавалі арганізатарам за гэты цудоўны велікапосны падарунак — магчымасць дакрануцца да сакрэту святой Тэрэзы з Лізьё.