Пошук

05.03.2020 11:41   Тэкст і фота: Ангеліна Марцішэўская / Grodnensis.by

4 сакавіка ў гродзенскай катэдральнай базыліцы святога Францішка Ксавэрыя сабраўся на малітве дыяцэзіяльны капітул, апекуном якога з’яўляецца святы Казімір, каб ушанаваць гэтага нябеснага заступніка Гродзенскай дыяцэзіі.

Цэлебрацыю ўрачыстай святой Імшы з удзелам шматлікіх вернікаў узначаліў біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч разам са сваім дапаможным біскупам Юзафам Станеўскім. Пра гэта інфармуе партал Grodnensis.by.

Вітаючы прысутных, біскуп Аляксандр адзначыў, што свята ў гонар святога Казіміра, які славіўся сваёй пакорай, любоўю да Бога і бліжняга, а таксама ахвярнасцю, — гэта добрая нагода паразважаць над уласным шляхам да святасці.

«Святасць — гэта стан, якога не дасягаеш раптоўна, але да якога трэба даспець»,— адзначыў іерарх.

Божае слова падчас Эўхарыстыі прамовіў ксёндз канонік Антоній Грэмза.

Святар нагадаў духоўную біяграфію святога Казіміра, падкрэсліваючы, што апякун дыяцэзіі разумеў сапраўдную каштоўнасць жыцця.

«Святы каралевіч меў усе магчымасці для таго, каб жыць у раскошы, аднак адмаўляўся ад належных яму дабротаў, бо ведаў: галоўнае багацце яго чакае ў Небе, — адзначыў святар. —

Святы Казімір з’яўляецца добрым прыкладам стаўлення да людзей: паслухмяны ў адносінах да бацькоў, клапатлівы ў адносінах да абяздоленых, чысты сэрцам у адносінах да супрацьлеглага полу».

На заканчэнне літургіі вернікі ўшанавалі рэліквіі святога Казіміра, просячы яго аб заступніцтве і апецы над мясцовым Касцёлам, над імі самімі і іх роднымі і блізкімі.

Абноўлена 05.03.2020 12:01
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.