Пошук

27.02.2020 12:00   Тэкст і фота: Дар’я Семянько / Catholic.by

26 лютага, на пачатку Вялікага посту, Біскупскі вікарый для горада Магілёва і Магілёўскай вобласці біскуп Аляксандр Яшэўскі SDB узначаліў цэлебрацыю святой Імшы ў катэдральным касцёле Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі і святога Станіслава.

У прамоўленай гаміліі іерарх нагадаў пра тры важныя аспекты перыяду падрыхтоўкі да Уваскрасення Пана: пост, міласціну і малітву.

«Даванне міласціны забяспечвае патрэбы бедных. Малітва праслаўляе Бога. Нарэшце, праз пост чалавек сведчыць аб тым, што яго ўласнае жыццё не складаецца толькі з задавальнення інстынктаў», — падкрэсліў біскуп Яшэўскі. Ён дадаў, што, выконваючы гэтыя парады, чалавек, тым не менш, не павінен станавіцца крывадушнікам і ставіць сябе вышэй за іншых.

«Кожны чалавечы ўчынак паходзіць з глыбіні сэрца, з таемнага месца нашых думак, нашых жаданняў, месца, дзе прысутнічае Бог, месца, якое з’яўляецца падмуркам для годнасці кожнага чалавека», — сцвердзіў іерарх.

Каментуючы Евангелле, ён зазначыў, што зямныя даброты ў рэшце рэшт псуюцца і знікаюць.

«Прадбачлівы чалавек будзе збіраць скарб на нябёсах, „дзе ні моль, ні ржа не знішчаюць, і дзе злодзеі не падкопваюцца і не крадуць“ (пар. Мц 6, 20)», — сказаў біскуп.

Падводзячы выснову, ён заклікаў вернікаў аднавіць сэрцы, каб вярнуць сабе сапраўдную годнасць; нанава адкрыць дзверы сэрцаў і жыцця для Хрыста.

Пасля гаміліі адбыўся абрад пасыпання галоваў попелам. 

Напрыканцы святой Імшы парафіяне павіншавалі Біскупскага вікарыя Магілёўшчыны з імянінамі, якія сёлета прыпалі акурат на Папяльцовую сераду.

Магілёўскія вернікі падзякaвалі біскупу Аляксандру за служэнне і малітоўную падтрымку.

Пасля заканчэння літургіі святары ўдзялілі індывідульнае благаслаўленне вернікам на час Вялікага посту.

Абноўлена 27.02.2020 12:27
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.