Пошук

28.01.2020 13:54   Тэкст і фота: Eucharystki.wordpress.com / Catholic.by
Катэхеза, прысвечаная бл. Юрыю Матулевічу, Жодзіна

27 студзеня ў розных мясцінах Беларусі ўрачыста адзначылі літургічны ўспамін благаслаўлёнага біскупа Юрыя Матулевіча.

Гэты Віленскі біскуп, выкладчык, аднавіцель і генерал Ордэна Марыянаў, быў заснавальнікам дзвюх жаночых кангрэгацый, у тым ліку кангрэгацыі Сясцёр Слуг Езуса ў Эўхарыстыі.

Папа Пій XI назваў біскупа Юрыя Матулевіча «чалавекам сапраўды святым».

Як паведаміў сайт кангрэгацыі Сясцёр Слуг Езуса ў Эўхарыстыі Eucharystki.wordpress.com, з нагоды ўспаміну заснавальніка сваёй законніцкай супольнасці сёстры правялі адмысловыя катэхетычныя заняткі для дзяцей і моладзі, на якіх распавялі пра жыццё, дзейнасць і духоўнасць Юрыя Матулевіча.

Група дзяцей з Барысава

Сёстры разам з дзецьмі і моладдзю чыталі яго «Духоўны дзённік» і абмяркоўвалі словы біскупа пра самаахвярнае служэнне Хрысту і Касцёлу, імкненне да дасканаласці, апостальства як праяву любові да Хрыста, даступнае не толькі святарам і законнікам, але і свецкім людзям.

Адарацыя ў Астраўцы

У некаторых кляштарах сясцёр адбыліся адарацыі, падчас якіх была магчымасць перад Найсвяцейшым Сакрамэнтам паразважаць над словамі благаслаўленага біскупа, які ўсяго сябе аддаваў Божай волі і нават згаджаўся быць «анучай, якою ўсё мыюць і, выкарыстаўшы, кідаюць у цёмны і брудны кут».

«Няхай бы і я быў гэтак выкарыстаны і ўжыты, каб толькі ў доме Тваім было крыху чысцей і святлей», — пісаў благаслаўлёны Юры Матулевіч у сваім дзённіку.

Знамянальна, што ў кляштары сясцёр Эўхарыстак у Друі, дзе ў 1923 годзе была заснавана Кангрэгацыя, успамін благаслаўлёнага біскупа Юрыя Матулевіча будзе адзначацца ўвесь тыдзень, да 2 лютага — свята Ахвяравання Пана і Дня кансэкраваных асобаў.

Група дзяцей з Друі

Абноўлена 29.01.2020 11:37
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця