Пошук

13.01.2020 11:16   Тэкст: Іван Багдановіч / Фота: Рыта Ляховіч / Catholic.by

11 студзеня адбылася аплаткавая сустрэча Біскупскага вікарыя для горада Магілёва і Магілёўскай вобласці біскупа Аляксандра Яшэўскага SDB з дзецьмі. Сустрэча па традыцыі праходзіла ў парафіі святога Антонія Падуанскага ў Магілёве, якой апякуюцца місіянеры кларэтыны.

У гэтым годзе на сустрэчы сабралося больш за паўсотню дзяцей з парафій Магілёва, Бялынічаў і Касцюковічаў. Распачалася яна святой Імшой, якую разам з біскупам канцэлебравалі ксёндз канонік Андрэй Далянскі з Касцюковічаў, кс. Юзаф Сярпейка з Бялынічаў і а. Віталій Чабатар СMF з Магілёва. Прысутныя заўважылі, што ў гэтым годзе капліца святога Антонія ледзь змясціла дзяцей і іх бацькоў, а гэта прыгожы знак для Касцёла, які ўзрастае і адраджаецца.

У дыялогавым Божым слове біскуп Аляксандр разам з дзецьмі ўзгадалі ўсе важныя моманты Уцелаўлення Езуса Хрыста.

Надзвычай жыва і добра дзеці распавялі пра сцэну Звеставання і сам момант Божага Нараджэння, а таксама ўзгадалі пастушкоў, якія першыя прыйшлі пакланіцца нованароджанаму Езусу, і мудрацоў з Усходу з сімвалічнымі дарамі.

Пасля Імшы сустрэча працягнулася ў інтэграцыйным пакоі для дзяцей, дзе ўдзельнікі падзяліліся аплаткамі і выказалі адзін аднаму віншаванні. Сястра Дар’я Еўтухоўская FMA і аніматары з салезіянскага араторыя ў Мінску, якіх запрасіў біскуп Аляксандр, падрыхтавалі святочную праграму з танцамі, спевамі і тэатральным прадстаўленнем. На пачатку дзяцей сустрэў святы Юзаф, які згубіў Марыю і маленькага Езуса. Ён прапанаваў усім дзецям дапамагчы яму знайсці іх з дапамогаю карты-падказкі. Дзеці і біскуп з вялікай ахвотай бралі ўдзел у гульнях і конкурсах і знайшлі Маці Божую і Дзіцятка.

Напрыканцы сустрэчы іерарх уручыў дзецям падарункі, падрыхтаваныя адным са шматлікіх дабрачынцаў Касцёла ў Магілёўскім рэгіёне Анатолем Даўгашэем, які кожны год выходзіць з гэтай ініцыятывай.

Біскуп Яшэўскі падзякаваў дабрадзею і памаліўся за яго, а таксама ўдзяліў прысутным пастырскае благаслаўленне на завяршэнне сустрэчы.

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.