Пошук

08.01.2020 11:41   Тэкст і фота: Наталля Пузанава / Фота: кс. Юрый Санько / Catholic.by

7 студзеня ў Цэнтральным дзіцячым парку імя Максіма Горкага ў Мінску прайшоў фестываль сям’і «Горад шчаслівых людзей», праведзены з удзелам прасямейных каталіцкіх арганізацый.

Дата для яркага свята была абрана невыпадкова: яго правялі ў дзень, калі праваслаўныя хрысціяне адзначаюць Нараджэнне Хрыстова.

Фестываль сям’і — гэта святочны сацыяльна-дабрачынны праект, які праходзіць некалькі разоў на год у Мінску, а таксама ў іншых гарадах Беларусі.

Слова на адкрыццё фэсту прамовіў ксёндз канонік Юрый Санько, пробашч парафіі размешчанага непадалёк касцёла Найсвяцейшай Тройцы (святога Роха) на Залатой Горцы. Разам з віншаваннямі, скіраванымі ад імя каталіцкіх вернікаў праваслаўным братам, святар уручыў падарункі ад сваёй парафii для шматдзетных сем’яў.

Фестываль сям’і — гэта час усмешак, весялосці і цудаў, напоўненых асаблівым сэнсам.

«Езус Хрыстус нарадзіўся, каб мы былі шчаслівыя», — пад такім дэвізам праходзіла свята сям’і ў сталіцы.

Госці маглі на пэўны час апынуцца ў чароўным свеце і адчуць казачную атмасферу Божага Нараджэння дзякуючы захапляльнай творчай праграме, забаўляльным конкурсам і пачастункам.

Валанцёраў руху абароны жыцця і сямейных каштоўнасцяў можна было знайсці ў намёце «Мама+Я», у якой госці мелі магчымасць паспаборнічаць у спавіванні лялек, дакрануцца да нябачнага вачам свету «да нараджэння»: паглядзець і нават патрымаць у руках фігуркі дзетак на розных тэрмінах ад зачацця, узяць буклеты з важнай інфармацыяй на тэму перадачы жыцця ў сужэнстве і сям’і, а таксама даведацца пра дзейнасць дабрачынных каталіцкіх арганізацый у сферы абароны жыцця і сям’і.

Абноўлена 08.01.2020 12:32
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.