Пошук

08.01.2020 11:55   Тэкст і фота: а. Раман Шульц ОР / Catholic.by

На зімовых канікулах дзеці і моладзь з парафіі святога Казіміра і святой Ядвігі ў Магілёве знайшлі час на тое, каб глыбей пазнаёміцца з духоўнай спадчынай святога Яна Паўла ІІ, якому прысвечаны 2020 пастырскі год у Касцёле на Беларусі.

Маладыя магілёўскія католікі за кароткі час падрыхтавалі ажно пяць (!) прэзентацый, прысвечаных дэвізу гэтага пастырскага года, якім сталі словы Вялікага Папы-славяніна: «Адчыніце дзверы Хрысту». Юнакі і дзяўчаты адказна падышлі да справы, уклаўшы ў яе свае здольнасці і таленты, і ў выніку духоўна ўзбагаціліся самі і прынеслі карысць іншым.

Прэзентацыі былі прадстаўлены падчас сустрэчы ў гасцінным доме айцоў дамініканаў, якія нясуць служэнне ў гэтай парафіяльнай супольнасці ў горадзе на Дняпры. Некаторыя з прадстаўленых прэзентацый былі падрыхтаваныя з удзелам усёй сям’і.

Мэта працы заключалася ў тым, каб даць станоўчы адказ на заклік святога Яна Паўла ІІ, а таксама паказаць магчымыя негатыўныя наступствы, калі сэрцы застануцца закрытымі для Бога.

Так, Януш Серадзін у сваёй прэзентацыі паказаў, як малітва Радаснымі таямніцамі святога Ружанца і таямніцамі Святла дае магчымасць адкрыць дзверы сэрцаў, чаго не дазваляе зрабіць абыякавасць да Божых натхненняў. Антось і Янік Валаховічы прадставілі Дзесяць Божых Запаведзяў дарожным указальнікам на шляху адкрыцця душы, а іх невыкананне — адкіданнем Божага запрашэння.

У прэзентацыі Францішка Галіноўскага сем святых сакрамэнтаў — гэта чарговае запрашэнне Бога адкрыць перад Ім дзверы, а іх занядбанне аддаляе ад Ягонай любові. Падобным чынам і Каця Лук’янава запаведзі любові да Бога і да бліжняга параўнала з адкрытымі дзвярыма, праз якія чалавек трапляе на сустрэчу з Богам, з бліжнімі і з самім сабою. У прэзентацыі Насці Шаўцовай паказана, як пяць чалавечых пачуццяў — зрок, слых, нюх, смак і дотык — становяцца прыладамі набліжэння да Бога і адкрыцця для Яго, і як іх неадпаведнае выкарыстанне можа пакінуць Бога за дзвярыма нашага жыцця.

Падчас сустрэчы яе ўдзельнікі таксама імправізавалі, імкнучыся адлюстраваць думку святога Яна Паўла ІІ на паперы, а супольная малітва і пачастунак яшчэ больш з’ядналі дзяцей і моладзь парафіі.

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця