4 студзеня ў мінскай архікатэдры Найсвяцейшага Імя Марыі адбылася ўрачыстая святая Імша з нагоды дня нараджэння Мітрапаліта Мінска-Магілёўскага арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча. У ёй удзельнічалі канонікі Мінска-Магілёўскага катэдральнага капітулу.
Цэлебрацыю ўзначаліў сам арцыбіскуп. У гаміліі ён прыгадаў, што ў маленькіх дзяцей часта пытаюцца, ці хочуць яны вырасці. Звычайна дзеці адказваюць «так», бо хочуць хутчэй стаць дарослымі, не заўсёды разумеючы, што іх чакае. Падчас выпрабаванняў і цяжкасцяў мы вяртаемся думкамі да дзяцінства, і ў гэтым няма нічога дрэннага, бо нават Езус кажа, што, калі не станем падобнымі да дзяцей, не ўвойдзем у Божае Валадарства, адзначыў арцыпастыр.
«Мы добра ведаем, што дзеці часта хваляцца адзін перад адным сваімі бацькамі, — дадаў Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі. —
А ці мы, дарослыя хрысціяне, бярэм з іх прыклад і хвалімся, што нашым Айцом з’яўляецца сам Бог? Ці сведчым пра наша хрысціянства?»
Іерарх заклікаў удзельнікаў Імшы задумацца над сваёй годнасцю Божага дзіцяці, атрыманай у сакрамэнце хросту. Ён нагадаў таксама, што з кожнай годнасцю звязаны пэўныя абавязкі, што адносіцца да біскупа, каноніка, святара, кансэкраванай асобы і кожнага хрысціяніна.
«Мы жывем у Беларусі, у краіне розных веравызнанняў, індыферэнтных і няверуючых людзей. Таму наша хрысціянскае сведчанне павінна быць праўдзівым, бо ад яго залежыць тое, як наш Касцёл успрымаюць іншыя веравызнанні і няверуючыя. Мы не можам змяняць свайго хрысціянскага стылю жыцця, калі знаходзімся ў неспрыяльных для нашай веры абставінах. Гэтага чакае ад нас Касцёл і чакае наша грамадства», — заўважыў арцыбіскуп.
Іерарх падкрэсліў, што «слава Бога», якой, паводле святога Ірэнэя, з’яўляецца жывы чалавек, будзе праяўляцца ў нашым жыцці толькі тады, калі ў нашых серцах будзе нараджацца Хрыстус.
Прыгадваючы словы Евангелля, што Езус прыйшоў да сваіх, але яны Яго не прынялі, арцыпастыр прапанаваў пытанне: «Калі б сёння па вуліцах Мінска ішла цяжарная Марыя з Юзафам і прасіліся на начлег, колькі людзей прыняло б іх?»
«У сваім жыцці мы выракаемся Езуса вельмі часта, замыкаемся ў сваім грахоўным стане і не хочам адчыніць дверы прыходзячаму Хрысту», — дадаў ён.
Пастыр Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі нагадаў, што бягучы пастырскі год прысвечаны св. Яну Паўлу ІІ і праходзіць пад дэвізам «Адчыніце дзверы Хрысту». Арцыбіскуп пажадаў, каб гэты год «натхніў нас на тое, каб, нягледзячы на не заўсёды спрыяльныя ўмовы нашага секулярнага часу, мы адкрываліся на Езуса, як адзінага Збаўцу свету, у якім адным наша надзея».
Напрыканцы Імшы іерарха павіншавалі з днём нараджэння Апостальскі нунцый у Беларусі арцыбіскуп Габар Пінтэр, які завяршае служэнне ў нашай краіне, Апостальскі візітатар для грэка-католікаў Беларусі архімандрыт Сяргей Гаек, канонікі Мінска-Магілёўскага катэдральнага капітулу, прадстаўнікі асобаў кансэкраванага жыцця, мінскай катэдральнай парафіі, а таксама 85-гадовая прадстаўніца катэдральнай парафіі ў Маскве, дзе арцыпастыр служыў раней.