Свята адбылося 29 снежня і распачалося святой Імшой у катэдральным касцёле Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі і св. Станіслава, цэлебрацыю якой узначаліў Біскупскі вікарый для горада Магілёва і Магілёўскай вобласці біскуп Аляксандр Яшэўскі SDB.
У гаміліі біскуп зазначыў, што «Бог стварыў ідэальна ўпарадкаваны свет, на вяршыні якога знаходзіліся Адам і Ева, у ідэальнай гармоніі ў сабе саміх, адно з адным і з Богам».
«Знішчаючы Божы парадак, іх грэх прывёў да катастрофы. Аднак Бог аднавіў сямейнае жыццё ў Святой Сям’і з Назарэта», — дадаў ён.
Іерарх падкрэсліў, наколькі важную ролю ў Святой Сям’і адыгрываў святы Юзаф: «Юзаф быў найменшым са Святой Сям’і, і тым не менш Бог кіраваў гэтай сям’ёй праз яго. Сапраўды, дабрабыт Святой Сям’і залежаў ад святасці Юзафа, ад яго блізкасці да Бога». Акрамя гэтага, заўважыў біскуп, Езус атрымаў ад Юзафа чалавечую фармацыю, як практычную, так і духоўную: «Хрыстус навучыўся на практыцы ад Юзафа самаахвярнасці для сваёй сям’і, як той, хто не дамінуе, але хто вядзе ціхім прыкладам, як і рабіў той, каго лічылі сынам Юзафа».
Іерарх таксама звярнуў увагу, што пра жонку Юзафа, Панну Марыю, цнатлівую, сціплую і тую, што мае Божую боязь, як і ён, пра Яе сямейнае жыццё, мы ведаем вельмі мала непасрэдна са Святога Пісання: «Сапраўды, нам сказана толькі тое, што... “Маці Яго захавала ўсе гэтыя словы ў сэрцы сваім” (Лк 2, 51).
Безумоўна, Найсвяцейшая Дзева была схільнаю да роздуму, як і Яе абраннік Юзаф разважаючы над таямніцай Уцелаўлення, якая разгортвалася перад Яе вачыма».
Некалькі слоў дадаў біскуп і пра адносіны паміж бацькамі і дзецьмі: «Што тычыцца нашага Пана Езуса Хрыста — самага дасканалага члена Святой Сям’і, які з’яўляецца ўцелаўлёным Богам, — Пісанні ўтрымліваюць толькі адзін верш з Яго трыццацігадовага сямейнага жыцця да Яго публічнай місіі: І Ён пайшоў з імі, і прыйшоў у Назарэт, і быў паслухмяны ім. Святы Павел, павучаючы дзяцей, піша: “Дзеці, слухайцеся ў Пану сваіх бацькоў, бо гэта справядліва” (Эф 6, 1)».
Завяршаючы гамілію, іерарх сказаў: «Бог стварыў свет у ідэальным парадку. Зрынуты ў Адаме і Еве, добры сямейны закон быў адноўлены ў Святой Сям’і, дзе мы маем прыклад не толькі асабістых цнотаў — убоства, цнатлівасці, пакоры, — але і сямейных цнотаў: разважлівасці, працавітасці, паслухмянасці, самаахвярнасці, і ў адносінах да Бога — малітвы і сузірання. Просячы іх дапамогі, давайце будзем імкнуцца пераймаць іх, а благаслаўленне Усемагутага Бога — Айца, і Сына, і Духа Святога — няхай суправаджае нашыя сужэнствы і сем’і».
Пасля гаміліі біскуп Аляксандр запрасіў сем’і аднавіць дадзеныя падчас сакрамэнту сужэнства абяцанні. Гэтым прыгожым і кранальным абрадам скарысталіся некалькі дзясяткаў пар.
Напрыканцы Імшы парафіяне павіншавалі са святам сясцёр з Кангрэгацыі Місіянерак Святой Сям’і, якія служаць у катэдры, і падзякавалі ім за працу.
«Ваша праца, можа, і не заўсёды бачная, але вельмі неабходная, мы яе высока цэнім і ўдзячныя за гэта», — дадаў біскуп Аляксандр Яшэўскі.
Увечары для сужэнцаў зладзілі сапраўдны баль. Яго арганізатарам быў біскуп Аляксандр, а аніматарамі выступілі кіраўнікі дабрачыннага фонду «Адкрытыя сэрцы» Алена і Уладзіслаў Валаховічы і супрацоўніца фонду Яна Шумская. «Мы ладзім падобныя балі з 2013 года. Але для магілёўскіх сем’яў — упершыню. Такія мерапрыемствы вельмі збліжаюць пары», — распавёў Уладзіслаў Валаховіч.
Удзельнікамі балю сталі сужэнцы рознага ўзросту. Самая сталая пара — Марыя Анатольеўна і Ягор Маісеевіч — у шлюбе ўжо 34 гады і рэцэпт шчаслівага сумеснага жыцця не хаваюць: «Каханне. Гэта, бадай, адзінае, што павінна быць паміж двума людзьмі. Каханне і ўзаемаразуменне».