Пошук

23.12.2019 14:55   Тэкст і фота: Андрэй Ермачонак / Catholic.by

21 снежня ў Мінскім тэалагічным каледжы імя св. Яна Хрысціцеля адбылася аплаткавая сустрэча, якую ўзначаліў Генеральны вікарый Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскуп Юрый Касабуцкі.

Сустрэча біскупа са студэнтамі і выкладчыкамі пачалася святой Імшой. У гаміліі біскуп заклікаў, каб у гэты час, час чакання Нараджэння Езуса Хрыста, за клопатам падрыхтоўкі да свята, прыгатавання вігілійных страў, упрыгожвання дома, пошуку падарункаў «мы не забыліся пра самае галоўнае: падрыхтаваць месца маленькаму Езусу, зрабіць свае сэрцы сапраўды гатовымі да Нараджэння Збаўцы».

Пасля Імшы навучэнцы каледжа прадставілі батлейку. Потым біскуп благаславіў аплаткі — «сімвал любові, еднасці і дабрыні» — і пажадаў, каб каледж прыносіў «плён для тых людзей, якія, дзякуючы здабытым ведам, будуць працаваць на жніве Божым у нашай краіне, нашай Бацькаўшчыне, каб кожны навучэнец меў пакліканне быць добрым хрысціянінам і сведкам Хрыста». Затым удзельнікі сустрэчы падзяліліся аплаткамі.

За гарбатай і салодкім сталом сабраныя мелі магчымасць нязмушана весці размову.

Увогуле ўся сустрэча адбывалася ў вельмі прыемнай, сямейнай атмасферы, радасць у вачах прысутных была бачная здалёк.

Напрыканцы сустрэчы навучэнцы каледжа павіншавалі біскупа Юрыя Касабуцкага і дырэктара каледжа ксяндза доктара грэміяльнага каноніка Яна Крэміса з надыходзячым святам і падзякавалі за навуку і клопат аб іх духоўным развіцці.

   

Скончылася сустрэча благаслаўленнем, якое ўдзяліў біскуп.

Абноўлена 23.12.2019 15:27
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця