Пошук

23.12.2019 12:34   Тэкст і фота: Дар’я Семянько / Catholic.by

21 снежня ў магілёўскай катэдры Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі і святога Станіслава адбылося адвэнтавае чуванне і аплаткавая сустрэча для моладзі Магілёўскага рэгіёну на тэму: «Сэнс і прыгажосць каталіцкай сям’і».

Перадкалядныя сустрэчы ўжо ўвайшлі ў традыцыю самага ўсходняга рэгіёну Беларусі. Хоць падобныя сустрэчы ладзяцца штогод, арганізатары пастараліся зрабіць яе асаблівай.

Сёлета ўзяць у ёй удзел вырашыла больш за 30 юнакоў і дзяўчат з Магілёва, Бабруйска і Касцюковічаў.

Да моладзі з дакладам па сямейнай праблематыцы звярнулася супрацоўніца дабрачыннага фонду «Адкрытыя сэрцы» Вольга Чаркасава. Яна распавяла, чаму варта захаваць чысціню да сужэнства, пра адрозненні мужчын ад жанчын.

Маладыя людзі даведаліся шмат цікавых рэчаў. Напрыклад, што па статыстыцы сем’і, дзе сужэнцы захавалі чысціню да шлюбу, значна мацнейшыя за іншыя. «Чым раней мы, моладзь, засвоім, што чысціня — гэта найбольшы з дароў, які мы можам прынесці Богу, тым большая верагоднасць таго, што мы пазбегнем памылак», — падзялілася сваімі ўражаннямі ўдзельніца чування Вераніка Гузевіч.

Працягнула сустрэчу святая Імша, цэлебрацыю якой узначаліў Біскупскі вікарый для Магілёва і Магілёўскай вобласці біскуп Аляксандр Яшэўскі SDB.

У гаміліі ён нагадаў прысутным праўды, пра якія распавядаецца ў кнізе Быцця: «Адаму не хапала менавіта другога чалавека для шчасця. І калі Пан Бог прывёў Еву да Адама, калі ўбачыў, што Адам узрадаваўся, Бог благаславіў іх на сумеснае жыццё, на гэты саюз паміж мужчынам і жанчынай.

Таму, маладыя мае сябры, сужэнства — гэта план Бога, які людзі павінны здзяйсняць», — дадаў іерарх.

Адным з самых цікавых пунктаў у праграме сустрэчы стала гульня ў форме дэбатаў «Абарані свой пункт гледжання». Удзельнікам была прапанавана магчымасць уступіць у палеміку з шаблоннымі меркаваннямі сучаснага свету, якія агучвала каманда арганізатараў. Пытанні, якія разгледзелі ў дэбатах, датычылі чысціні да шлюбу і сужыцця.

Падзяліцца ўласным вопытам вырашылі і сем’і Магілёўшчыны. Кожная з іх распавяла гісторыю знаёмства, развіцця адносін.

У жыцці ніколі не бывае ўсё гладка, і пра такія «падводныя камяні» сужонкі таксама распавялі. Гісторыі сем’яў былі вельмі кранальнымі і непадобнымі адна да адной. Хтосьці да шлюбу быў знаёмы амаль 10 гадоў, а хтосьці — толькі месяц. Але ўсе згодныя з адным: трэба давяраць свае адносіны Пану Богу, а таксама глядзець не адно на аднаго, а разам у адзін бок.

Працягнула сустрэчу адарацыя ў духу Тэзэ. Дарэчы, за некалькі хвілін да яе пачатку ў касцёл, дзе праходзіла моладзевая сустрэча, скаўты прывезлі Бэтлеемскі агонь.

Завяршылася сустрэча дзяленнем аплаткамі паміж удзельнікамі і біскупам Аляксандрам Яшэўскім SDB.

Пры гэтым пастыр падкрэсліў, што Езус — лепшы сябра маладога чалавека. «Ён ніколі не пакіне, заўсёды дапаможа, дасць такую параду, якая будзе збаўчай. Ніводзін чалавек так дасканала гэтага зрабіць не можа», — сцвердзіў біскуп Аляксандр.

Абноўлена 23.12.2019 14:23
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.