Пошук

16.12.2019 13:12   Тэкст: Кс. Францішак Рудзь / Фота: з архіву парафіі / Catholic.by

14 снежня ў касцёле Маці Божай Будслаўскай, што на Каменнай горцы ў Мінску, перад вернікамі выступіў хор сярэдніх класаў дзіцячай музычнай школы мастацтваў № 2 імя Мікалая Аладава.

За 69 гадоў сваёй гісторыі школа выпусціла больш за пяць тысяч музыкаў. Сёння яна ўносіць значны ўклад у развіццё музычнай культуры Рэспублікі Беларусь. Яе выпускнікі працуюць на найбуйнейшых музычных сцэнах краіны і замежжа.

На працягу некалькіх месяцаў салісты хору пад кіраўніцтвам Алены Шмагарэўскай і канцэртмайстраў Барбары Царук і Марыны Масціцкай сумесна з баянна-акардэонным аркестрам Sonus internum пад кіраўніцтвам Алены Дзямідчык рыхтавалі калядны канцэрт-казку для вернікаў.

«Кожны чалавек сэрцам чакае Каляды. Езус прыйшоў на зямлю і прынёс нам самае галоўнае — праўду. Для кожнага з нас яна заключаецца ў сіле, мудрасці і ласцы звыш.

Удзельнікі перадсвяточнага канцэрту сёння падаравалі слухачам чароўны настрой і яшчэ раз нагадалі, што Адвэнт і Каляды — гэта час веры, надзеі, любові і цудаў», — адзначыў пробашч парафіі Маці Божай Будслаўскай у Мінску ксёндз Францішак Рудзь.

Канцэрт калядных спеваў у гэтай маладой сталічнай парафіі ў перыяд Адвэнту ужо стаў добрай традыцыяй. Яго з нецярплівасцю чакалі вернікі.

Кожнаму ўдзельніку канцэрту і малодшым слухачам ксёндз Францішак уручыў салодкія падарункі і нагадаў, што чалавек адчувае самую вялікую слодыч, калі дорыць дабро і радасць іншым людзям.

Абноўлена 16.12.2019 17:21
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця