Пошук

02.12.2019 11:15   Тэкст і фота: Мікола Гракаў / Catholic.by

30 снежня, у парафіяльную ўрачыстасць святога апостала Андрэя ў Нарачы адбыліся традыцыйныя «Андрэйкі», якія сабралі на хрысціянскі інтэлектуальны батл і дыскатэку дзяцей і моладзь з розных парафій Мядзельскага дэканату.

Як звычайна, усё распачалося святою Імшою, цэлебрацыю якой узначаліў айцец Генрых Валэйка OCD.

На Эўхарыстыі ва ўрачыстасць святога апостала Андрэя ўвага ўдзельнікаў была скіравана на прыклад гэтага святога вучня Пана, брата апостала Пятра.

Перадусім гэта прыклад адзінства — неабходнай умовы для поспеху вялікіх справаў.

Менавіта такой справай і з’яўляецца абвяшчэнне Евангелля, да якога былі пакліканы не толькі Апосталы, але і сённяшнія маладыя вучні Пана. Падчас «Андрэек» яны акурат мелі магчымасць не толькі пачуць пра адзінства, але і праявіць яго ў камандным духу незвычайнага спаборніцтва.

Сёлета нарачанскія «Андрэйкі», якія любяць і чакаюць хлопцы і дзяўчаты з усёй пераважна каталіцкай Мядзельшчыны, прайшлі ў новым цікавым фармаце.

Замест традыцыйных конкурсаў і тэатралізаванай пастаноўкі ў Нарачы ў суботу перад Адвэнтам адбыўся першы Хрысціянскі інтэлектуальны батл — ХІБ.

Адарваўшыся ад сваіх гаджэтаў і вірусна папулярных сярод падлеткаў «фотабатлаў» у сацыяльных сетках, на інтэлектуальнае спаборніцтва выйшлі тры каманды. «Авечкі Пана» — такую назву абралі сабе маладыя вернікі парафіі-гаспадара. Іх інтэлектуальнымі супернікамі сталі «Жэўжыкі» з мядзельскай парафіі Маці Божай Шкаплернай і «Ласі» са свірскай парафіі святога Мікалая, біскупа.

Нарачанскі ХІБ, які правяла выхаванка тутэйшай парафіі, а сёння — моладзевая каталіцкая актывістка Ірэна Ахрамовіч разам з аўтарам гэтых радкоў, складаўся з чатырох тураў па шэсць пытанняў, на абмеркаванне якіх каманды мелі па 30 секунд. Пытанні датычыліся Новага Запавету, жыцця Касцёла ў свеце і ў Беларусі, жыццярысаў святых і жыцця вядомых беларусаў, чый лёс быў нейкім чынам звязаны з Мядзельшчынай. За кожны правільны адказ каманда атрымлівала адзін бал.

Вынікі кожнага туру падводзіла кампетэнтнае журы ў складзе трох прадстаўнікоў ад кожнай парафіі-ўдзельніцы. Ацэньвалі гульню айцец Генрых Валэйка OCD з Мядзела, айцец Пётр Фарына OCD з Нарачы і сястра Людвіка Суравікіна са Свіра.

У выніку па суме набраных балаў «Авечкі Пана» апярэдзілі «Жэўжыкаў» і «Ласёў», стаўшы пераможцамі першага нарачанскага ХІБа ў сябе дома і пацешыўшы свайго пробашча айца Бэрнарда Радзіка OCD, а таксама катэхетку і настаўніцу Ірыну Шнітоўскую, якія ўжо шмат гадоў укладаюць у гэтую справу вялікія намаганні і свае сэрцы.

Паміж турамі, як і ў папулярнай тэлеперадачы «Што? Дзе? Калі?», былі музычныя паўзы. Падчас іх гучалі спевы ў выкананні вакальнага гурта «Апельсін», у якім пад кіраўніцтвам дасведчанага педагога Жанны Маславай спяваюць маладыя нарачанцы. Выступ у гурце — гэта, як і ўдзел у інтэлектуальным батле, таксама практыкаванне адзінства, пра што цудоўна ведаюць спевакі, якія ў гэты час павінны быць не самастойнымі салістамі, а адзінай камандай.

Пасля малітвы і інтэлектуальнага спаборніцтва, якія ўмацавалі адзінства хлопцаў і дзяўчат, у гасцінным доме нарачанскіх кармэлітаў яны атрымалі смачны пачастунак. Потым моладзь чакала дыскатэка, або «балдзёжка», як жартаўліва называе яе айцец Бэрнард. Моладзь і дзеці Мядзельшчыны здольныя «і да танца, і да ружанца», як, напэўна, сказалі б з гонарам і ціхай радасцю іхнія бабулі, убачыўшы ў гэты вечар сваіх нашчадкаў.

…Адзін падлетак, які ўпершыню трапіў на нарачанскія «Андрэйкі», па дарозе дадому з захапленнем прызнаўся, што нават не ўяўляў сабе, што «ў касцёле можа быць так класна».

 

Абноўлена 02.12.2019 12:30
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця