Пошук

29.10.2019 13:34   Тэкст: Аксана Бровач / Фота: Аліна Добыш, Вікторыя Рыхтэрс / Catholic.by

«Бог, я і дарога да шчасця» — такой была тэма сёлетняй сустрэчы моладзі Пінскай дыяцэзіі, якая адбылася ў Брэсце 26 кастрычніка.

Парафія Узвышэння Святога Крыжа гасцінна прыняла каля 80 удзельнікаў з розных гарадоў і мястэчак Брэсцкай і Гомельскай абласцей, якія складаюць дыяцэзію. На моладзевы форум прыехалі таксама студэнты Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Пінску і святары.

Сустрэча стала не толькі нагодай для засяроджанай малітвы, але і магчымасцю для моладзі карысна правесці час у цёплай і добразычлівай сяброўскай атмасферы.

Дзень распачаўся са знаёмства і падарункаў за ўдзел у конкурсе, які перад сустрэчай быў абвешчаны ў інстаграме парафіі. З канферэнцыяй па тэме сустрэчы выступіў перад сабранымі ксёндз Юрый Медушэўскі. Якім шляхам мы ідзём да Бога, якія перашкоды сустракаем на гэтай дарозе і як не згубіцца — над такімі тэмамі святар прапанаваў паразважаць.

«Мы забываемся пра тое, што Божая любоў немагчымая без крыжа. Гэта сваім уласным прыкладам паказаў нам Езус Хрыстус. Так, гэты крыж цяжкі. Непрыемны, нязручны, яго цяжка несці, не хочацца несці — гэта праўда. Але праўда і ў тым, што калі я гэтага крыжа не кіну, то напрыканцы гэтага шляху мяне чакае жыццё вечнае. А таксама, ідучы гэтым шляхам, я магу быць упэўнены, што Езус Хрыстус мяне не пакіне. Ён ведае, як яго несці, як з гэтым крыжам дасягнуць неба», — разважаў кс. Медушэўскі.

Святую Імшу для моладзі цэлебраваў дапаможны біскуп Пінскай дыяцэзіі Казімір Велікаселец, які адмыслова прыехаў дзеля гэтага ў Брэст.

У гаміліі іерарх патлумачыў, чаму лічыць гэта важным, і прыгадаў, што ў юнацтве быў пазбаўлены такой раскошы:

«Вы шчаслівыя, што можаце слухаць Слова Божае. Калі я быў у вашым узросце, мой парафіяльны касцёл у Шэрашаве зачынілі, ксяндза ў турму забралі. Мы жылі без споведзі, без Камуніі. Мой бацька вёз мяне на Першую святую Камунію за 60 кіламетраў. У две гадзіны ночы ўставалі і ехалі ў Кобрын: бацька круціў колы ровара, я сядзеў на раме. Каб я не спаў, казкі расказваў».

Біскуп заклікаў распачынаць дзень з малітвы, старацца штомесяц хадзіць на споведзь і знаходзіць час для Бога, бо толькі праз Яго ласку можна спазнаць шчасце. «Бог, шаноўная моладзь, дае нам больш, чым мы просім», — нагадаў ён.

У працэсіі з дарамі ўдзельнікі сустрэчы прынеслі іерарху мапу як сімвал дарог, якія мы абіраем, вяроўку як сімвал таго, што развязаць вузлы на ёй можа толькі Бог, і кошык з сэрцамі, якія моладзь аддае Богу. З рук біскупа кожны атрымаў падарунак — абразік Маці Божай Брэсцкай і ружанец. Іерарх маліўся разам з моладдзю ўвесь дзень.

У плане сустрэчы быў час і для творчасці. Брэстаўчане падрыхтавалі для гасцей тэатральную пастаноўку «З анёлам на канапе» і былі ўзнагароджаны за сваю працу бурнымі авацыямі. У кароткім спектаклі ўвасобілі ідэю, якая звязана з тэмай сустрэчы. На сваім шляху да шчасця кожны можа заблукаць, трапіць у пастку граху, у палон страхаў… Але варта памятаць, што самая простая дарога да шчасця — з Богам. Творчыя нумары — сцэнкі і песні — прадставілі і госці з іншых парафій.

Гучную кропку напрыканцы дня паставіў гурт Step Project — музычны евангелізацыйны праект Пінскай дыяцэзіі.

«Дух Святы, які дзейнічае ва ўсіх нас, вядзе нас да вечнага жыцця. Тое шчасце, якое нас чакае, даражэй за ўсё на свеце», — такім падсумаваннем скончылі сустрэчу моладзі ў Брэсце.

 
Абноўлена 29.10.2019 13:39
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.