Пошук

28.10.2019 14:00   Тэкст: Кс. Міхал Бубен / Фота: Наталля Манусава / Catholic.by

27 кастрычніка, ва ўрачыстасць гадавіны кансэкрацыі былога кармэліцкага касцёла Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Мсціславе (Магілёўскі рэгіён), вернікі мясцовай парафіі прывіталі свайго новага пробашча ксяндза Міхала Бубена, якога ўвёў на пасаду Біскупскі вікарый для горада Магілёва і Магілёўскай вобласці біскуп Аляксандр Яшэўскі SDB.

Ва ўрачыстай цэлебрацыі ўзялі ўдзел кс. прэлат Андрэй Стэцкевіч, дэкан Магілёўскі кс. Віталій Маргуноў, святары з парафій дэканату, госці з Магілёва, Мінска і Шчучына.

Пры ўваходзе ў святыню біскуп Яшэўскі акрапіў сабраных вернікаў асвячонаю вадою, пасля чаго прамовіў прывітальнае слова, у якім нагадаў усім прысутным складаную, але багатую знакамі Божай апекі гісторыю мсціслаўскай парафіі.

Разважаючы пра абавязкі пробашча, якія даручыў ксяндзу Міхалу Бубену Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, біскуп Аляксандр падкрэсліў, што ксёндз Міхал з’яўляецца першым пробашчам у Мсціслаўі пасля вялікага перапынку.

Папярэднія душпастыры — кс. Караль Тамэцкі і кс. Робэрт Мацееўскі — былі тут адміністратарамі з правамі пробашча, а апошні час са святарскай паслугай да мясцовых вернікаў часова даязджаў пробашч з суседняга Крычава кс. Павел Адамовіч.

«Моцаю паўнамоцтваў і па распараджэнні арцыпастыра Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі я даручаю табе абавязкі пробашча парафіі Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі і ўрачыста абвяшчаю, што ты атрымліваеш у гэтай парафіі ўладу, якой надзяляе пробашча права Рыма-Каталіцкага Касцёла.

Аддаю табе ў апеку духоўнае дабро вернікаў, нагадваючы, што калісьці ты будзеш за іх адказваць на судзе Божым», — прамовіў узнёслыя словы абраду ўвядзення пробашча іерарх.

 

Перад пачаткам урачыстай святой Імшы ксёндз Міхал прамовіў урачыстае вызнанне веры і даў прысягу вернасці. Адпаведныя дакументы былі падпісаныя на алтары.

Пасля абрадаў увядзення пробашча распачалася Эўхарыстыя, цэлебрацыю якой узначаліў біскуп Аляксандр Яшэўскі.

У прамоўленай гаміліі на падставе Евангелля ад Мацвея (гл. Мц 16, 13–19) іерарх разважаў над тым, якім павінен быць добры пастыр. Звяртаючыся да новапрызначанага мсціслаўскага пробашча, біскуп прывёў у прыклад асобу кардынала Конрада Краеўскага, які ад імя папы Францішка клапоціцца пра бедных, убогіх і патрабуючых, і заахвоціў, каб новапрызначаны пробашч таксама «не сядзеў у плябаніі, а шукаў вернікаў і паказваў ім шлях да святыні».

Абноўлена 28.10.2019 14:12
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця