
27 кастрычніка ў мінскай парафіі Найсвяцейшай Тройцы (святога Роха) адбылося святкаванне Дня аўтамабіліста.
Свята распачалося ўрачыстай Імшой у інтэнцыі ўсіх аўтамабілістаў. Вернікі разам маліліся за людзей, жыццё якіх звязанае з кіраваннем аўтамабілямі.

Пасля на пляцоўцы за касцёлам пачалася святочная праграма, якую падрыхтавалі сябры Таварыства аховы помнікаў тэхнікі і транспарту «Наша Перамога».
Члены праўлення таварыства, а таксама некаторыя з сяброў арганізацыі з’яўляюцца парафіянамі касцёла св. Роха, таму такія святы сталі там ужо традыцыйнымі.






















Раніцай адкрылася выстава старадаўніх аўтамабіляў. Сярод іх даваенныя «Опель-Алімпія», «Опель-Супер 6», «Опель-Капітан», «Палутарка» — «ГАЗ-АА».
Калекцыю аўтобусаў і грузавікоў кожны можа штодня пабачыць на касцёльным падворку.
Тут жа старшыня таварыства «Наша Перамога» Васіль Цярэшка ўласнаручна частаваў усіх жадаючых грэцкай кашай з тушонкай, прыгатаванай у палявой кухні на колах, а дзяўчаты-валанцёркі разлівалі па кубачках гарбату.

Пазней распачаўся канцэрт. Перад гледачамі выступілі гурт «Стары Ольса» (кіраўнік Зміцер Сасноўскі), аўтар і выканаўца вайсковых песняў палкоўнік Сяргей Макей, спявачка Патрыцыя Свіціна і дударка Аксана Касцян.
Святочнаму настрою спрыяла сонейка, якое раптоўна з’явілася з-за хмараў і сагрэла горад амаль што па-веснавому.



